26.04.2024

Са здзіўленнем гляджу на лялькі, якія стварае кіраўнік гуртка “Творчая майстэрня “Залатыя ручкі” пры Красненскім Доме культуры Наталля Жук,

і адразу не магу здагадацца, з чаго яны зроблены. На першы погляд яны здаюцца фарфоравымі. На самой жа справе для вырабу гэтых твораў мастацтва, а інакш іх не назавеш, неабходны звычайныя капрон, сінтэпон, ніткі, іголка і натхненне, без якога, па словах майстрыхі, і брацца за справу няма сэнсу.

Для стварэння лялечных шэдэўраў Наталля карыстаецца скульптурна-панчошнай тэхнікай, якая патрабуе пэўных ведаў і навыкаў. Іх жанчына засвойвае падчас ан-лайн курсаў і майстар-класаў, якія праводзяць вядомыя выкладчыкі  Алена Лаўрэнцьева, Алена Валадкевіч, Алена Сухарукава. Асноўныя ж сакрэты падказала само жыццё і асабістае ўяўленне.

– Асноўным матэрыялам для маіх работ з’яўляецца капрон. Я аддаю перавагу калготкам Брэсцкага панчошнага камбіната, якія спецыяльна купляю ў магазіне. Спосабаў адбяліць матэрыял шмат, але я карыстаюся экалагічна чыстым варыянтам: на паўлітра вады бяру 10 таблетак актываванага вугалю, на 15 хвілін апускаю капрон, потым прамываю ў чыстай вадзе, і матэрыял становіцца амаль белага колеру. Як бы дзіўна гэта не гучала, але яно сапраўды так, праверана на асабістым вопыце, – дзеліцца жанчына.

Каб творчая фантазія майстрыхі стала рэальнасцю, неабходна не адна гадзіна. Першапачаткова Наталля бярэ ў рукі круглую нарыхтоўку. Потым спецыяльным метадам пры дапамозе іголкі з ніткай робіць уцяжкі, прымацоўвае фурнітуру: вочы, пушыстыя вейкі, нос. І вось на вас глядзіць мілавідны твар будучай лялькі: анёлачка альбо снегавіка, дамавічка альбо гноміка. Увогуле, усе работы Наталлі атрымліваюцца добрымі і пазітыўнымі, нават лялечны павук і таракан, якіх планавалася зрабіць адмоўнымі персанажамі, атрымаліся з дабрадушнымі ўсмешкамі на тварах. А залежыць усё ад унутранага стану самой майстрыхі, якая толькі з пазітыўнымі думкамі прыступае да работы.

– Шчыра прызнаюся, бываюць у мяне творчыя крызісы, калі хочацца зрабіць аўтарскую работу, але ідэй няма. Тады на дапамогу прыходзіць муж Андрэй, які поўнасцю падтрымлівае мяне ва ўсіх пачынаннях і часта з’яўляецца генератарам новых вобразаў, – адзначае Наталля Жук. – Так, аднойчы ён прынёс мне вырабленую ім на станку па дрэве невялічкую сякеру, якая адразу натхніла мяне. У выніку з’явіўся дзед у нацыянальнай вопратцы і саламяным капелюшы, які ў якасці прэзента адправіўся ў Польшчу. 23 лялечныя анёлачкі таксама радуюць рабят адной з польскіх дзіцячых музычных школ, якія я за чатыры дні зрабіла на заказ. Акрамя таго, шмат маіх работ можна знайсці па ўсёй Беларусі.

Translate »