24.04.2024

9 мая. 11 гадзін. Шматлюдна на галоўнай плошчы райцэнтра. Тут сабраліся ветэраны, моладзь, прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў. Многія прыйшлі на ўрачыстасць з партрэтамі родных, якія змагаліся ў гады вайны і пра іх нашчадкі захоўваюць памяць у сваіх сэрцах.

Удзельнікі святочных урачыстасцей накіроўваюцца да мемарыяльнага комплексу «Зорка», дзе праводзіцца мітынг-рэквіем «Дзеля жыцця на зямлі!»

Слова трымае старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Леанідавіч Шайбак, які гаворыць, што Дзень Перамогі — радасць свободы, вера ў свае сілы, гонар за сваю краіну. Памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне, ад бацькоў да дзяцей, ад сэрца да сэрца.

Мы можам ганарыцца, што ў слаўны летапіс упісаны і гераізм змагароў нашага Карэліцкага краю. Не ўсе вярнуліся з палёў вайны, але яны засталіся надоўга ў памяці нашчадкаў.

Як адзначыў прамоўца, пра падзеі таго далёкага часу нагадала сёлета яшчэ адна важная падзея — 75-годдзе Хатынскай трагедыі. Пад страшным крылом вайны аказаліся і 13 спаленых вёсак нашага раёна. Гэта боль назаўсёды застанецца ў сэрцах жывучых, бо вельмі дарагой цаной дасталася перамога.

73 гады як закончылася Вялікая Айчынная вайна, і мы радуемся мірнаму жыццю, і нас перапаўняе пачуццё гонару за ветэранаў. На жаль, час забірае іх, і сёння яны глядзяць на нас з партрэтаў, якія прыносяць родзічы на ўрачыстасці. Яны з намі ў страі, і памяць жыве ў нашых сэрцах.

Як адзначыў В.Л. Шайбак, жыццё пад мірным небам — гэта не толькі гонар, але і адказнасць. Жыццё не раз пераконвае ў тым, як важна ўтрымліваць раўнавагу ўнутры краіны, калі ў многіх рэгіёнах неспакойна. Таму на кожным з нас ляжыць адказнасць за мір і парадак, пачынаючы са сваёй сям’і, горада ці вёскі, а заканчваючы краінай. Наша бяспека — у адзінстве нашага народа.

Кіраўнік раёна запэўніў, што ветэраны вайны былі і засталіся для нас прыкладам, як трэба берагчы мір, абараняць Айчыну, аддаваць усе сілы дзеля квітнення Беларусі. Абаронцам Айчыны і жыхарам Карэліччыны пажадаў зямных даброт, дабра, радасці, згоды і каб у кожным доме панавалі шчасце і дабрабыт.

Ад Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі слова прадастаўляецца Зінаідзе Пятроўне Ляшчынскай, якая перажыла блакаду Ленінграда. Ветэран вайны запэўніла, што заўсёды ў сэрцы захаваецца памяць пра тых, хто змагаўся і загінуў на вайне. Будуць памятаць пра тыя страшныя гады ліхалецця. Ёй пашчасціла выйсці замуж за беларуса, ураджэнца Карэліччыны, і пераехаць на маленькую радзіму мужа. Жанчына ў захапленні ад цудоўнага беларускага краю, удзячна мясцовай уладзе і грамадскім арганізацыям, якія праяўляюць увагу і клопат пра ветэранаў вайны. Зычыла ўсім здароўя, міру, дабра, дабрабыту.

Сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» Юлія Гапановіч павіншавала са святам Вялікай Перамогі і запэўніла, што моладзь не забудзе подзвігу народа. Прамоўца звярнулася да моладзі: памятаць пра тых, хто атрымаў Вялікую Перамогу і хто аддаў свае жыцці за наша будучае. Удзельнікам мітынгу нагадала, што гэта светлы дзень і новая эпоха, ад якой пачаўся адлік новага часу і пажадала здароўя, дабрабыту, душэўнага спакою.

У знак памяці аб загінулых воінах і мірных жыхарах у годы вайны ў неба былі выпущаны белыя шары.

Свята прадоўжылася на плошчы 17 Верасня г.п. Карэлічы.

На святочную сцэну запрашаюцца намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Валянцін Аркадзьевіч Васько і начальнік адасобленай групы Карэліцкага раёна Сяргей Аляксандравіч Шалін. «Гэтае незабыўнае свята, якое ўвайшло ў гісторыю. Па-ранейшаму прадаўжае жыць лозунг «Ніхто не забыты, нішто не забыта» — зазначалі прамоўцы і уручылі ўзнагароды. Юбілейным медалём «100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь» узнагароджаны старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Леанідавіч Шайбак, памятнымі медалямі — Ніна Сяргееўна Яфрэмава, Васілій Міхайлавіч Тур, Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Руслан Юр’евіч Абрамчык у сваёй прамове адзначыў, што 73 гады жывуць беларусы пад мірным небам, і памятаюць аб тым, што ніколі не павінна паўтарыцца вайна. Выказаў словы ўдзячнасці ўсім тым, хто прыбліжаў Перамогу і актывістам грамадскай арганізацыі — Таццяне Сцяпанаўне Варабей, Таццяне Ільінічне Шаплыка, Іне Іосіфаўне Лейка і ўручыў Падзякі Старшыні абласнога Савета за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і выбарчай кампаніі 2018 года.

У сваёй прамове начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыіі грамадскага аб’яднання «Беларускі союз жанчын» Іна Міхайлаўна Санчук адзначыла вялікую ролю жанчыны на вайне і тое, што наша памяць не павінна забываць гэтага, а вайна ніколі не павінна паўтарыцца. Жаночы лідар раёна ўручыла ўзнагароды — Ганаровыя граматы Карэліцкай РА ГА «Беларускі саюз жанчын»: за актыўны ўдзел у дзейнасці райннай арганізацыі і добрачынную дапамогу мнагадзетным сем’ям пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» «Карэліцкі маслацэх» ААТ «Малочная кампанія «Навагрудскія дары» і за актыўны ўдзел у дзейнасці раённай арганізацыі і творчы ўклад у папулярызацыю сямейных каштоўнасцей па ўмацаванні інстытута сям’і пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» ДУК Карэліцкая раённая бібліятэка».

Сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Уладзіміраўна Беленава, павіншаваўшы ўсіх прысутных з Днём Перамогі, гаварыла аб выхаванні моладзі, нашых каштоўнасцях, ідэалогіі на сучасным этапе. «Трэба, каб словы і справы супадалі, — зазначыла прамоўца.

Актывісты камуністычнага руху раёна атрымалі ўзнагароды. За актыўную грамадскую палітычную работу і вернасць камуністычным ідэалам Ганаровай граматай Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі ўзнагароджаны Аляксандр Уладзіміравіч Капіца, Ірына Станіславаўна Бяляк, Эдуард Антонавіч Арабей, Павел Васільевіч Буслейка. У члены раённай арганізацыі КПБ прынята Анастасія Валер’еўна Літвін.

На працягу правядзення свята Вялікай Перамогі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці дарылі цудоўныя вершы, мелодыі, танцы.

На стадыёне «Юнацтва» аматары спорту праводзілі спаборніцтвы.

На галоўнай плошчы райцэнтра для ўдзельнікаў свята прадстаўлены выставы і майстар-класы, працавалі гандлёвыя рады.

Святочныя мерапрыемствы працягнуліся ў вячэрні час на плошчы 17 Верасня ў райцэнтры. Са сцэны гучалі ўсім вядомыя песні ваеннай тэматыкі, сучасныя танцавальныя мелодыі.

Роўна ў 22.00 карэліччане далучыліся да рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Спяём «Дзень Перамогі» разам», падчас якой спелі вядомыя розным пакаленным радкі: «Этот День Победы порохом пропах, это праздник с сединою на висках…»

Translate »