19.04.2024

3 ліпеня ў г.п. Карэлічы адбылося свята, прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўнікі Карэліцкіх раённых арганізацый — ветэранскай, прафсаюзнай, РГА «Белая Русь», ГА «БРСМ», ГА «Беларускі саюз жанчын», Чырвонага Крыжа, Камуністычнай партыі Беларусі, РГА «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя», а таксама працаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна сабраліся на плошчы 17 Верасня ў райцэнтры. Затым урачыстым шэсцем накіраваліся да мемарыяльнага комплексу «Зорка», дзе адбыліся тэатралізаванае прадстаўленне «Ёсць памяць, якой не будзе забыцця» і мітынг-рэквіем.

У сваёй прамове старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Леанідавіч Шайбак, звяртаючыся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жыхароў раёна, гасцей, адзначаў, што дата 3 ліпеня дарагая сэрцу кожнага беларуса як сімвал свабоды і незалежнасці, нацыянальнага гонару і славы. 74 гады таму савецкія войскі вызвалілі горад-герой Мінск. У гэты дзень кожны з нас вяртаецца да трагічных і гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны, успамінае пра тыя страты, якія панесла наша рэспубліка. Кожны метр нашай зямлі паліты крывёю салдат і мірных жыхароў. Толькі ў нашым раёне больш 70 памятных месцаў і пахаванняў, якія напамінаюць пра зверствы ваеннага ліхалецця. Мы не маем права забываць пра тых, хто мужна змагаўся і загінуў на вайне, і Карэліччына заўсёды памятае сваіх вызваліцеляў. Іх мужнасць і гераізм высока ацэнены нашым урадам. Памяць захавалася ў назвах вуліц, прадпрыемстваў, школьных музеяў, яна — у нашых сэрцах. Як адзначаў прамоўца, азіраючыся ў мінулае, мы ацэньваем цяперашні час і працягваем слаўныя традыцыі старэйшага пакалення, з любоўю мацуем родную Беларусь і родны край. Кожны беларус мае права ганарыцца сваім народам, які сумесна з брацкімі рэспублікамі ўнёс свой уклад у аднаўленне краіны з руінаў, адрадзіў індустрыю і камфорт дзяржавы.

На плошчы 17 Верасня адбылося свята «Паклон табе, мая Радзіма!», пад час якога праводзілася ўзнагароджванне перадавікоў народнай гаспадаркі, конкурс на лепшае падвор’е, прысвечаны Году малой радзімы. Акцыя грамадскіх аб’яднанняў «Зробім нашу Радзіму больш прыгожай» сабрала каля палатна з выявай Беларусі самую актыўную моладзь Карэліччыны. Юнакі і дзяўчаты змаглі пакінуць на імправізаванай карце краіны адбіткі сваіх далоняў як сведчанне таго, што будучае Беларусі будаваць маладым. Працаваў горад майстроў «З крыніцы талентаў народных», дзе можна было набыць гліняныя і тканыя вырабы мясцовых умельцаў.

 

Вячэрняя праграма святкавання Дня Незалежнасці ў Карэлічах пачалася флэш-мобам «Беларусь — гэта мы з табой», пад час якога на сцэну мог падняцца любы жадаючы і станцаваць.

Дарэчы, танец, хоць і быў поўнай імправізацыяй, адразу ўзняў градус эмацыянальнасці ў глядзельнай зале. Сваю мару — станцаваць на раённай сцэне — змаглі ажыццявіць у гэты вечар не толькі дзеці, але і адрослыя.

Святочны эстрадны канцэрт «Беларусь у маім сэрцы» складаўся з добра знаёмых, папулярных песен як мінулых гадоў, так і сучасных.

Завяршылася святочная праграма патрыятычнай акцыяй «Спяваем гімн разам». Ветэраны працы, кіраўніцтва раёна, работнікі галіны культуры, а разам з імі ўся глядзельная зала праспявалі гімн Рэспублікі Беларусь.

Translate »