16.04.2024

Выходные в духе новогодней сказки подарили общественные организации детям.

Падарыць сотням хлопчыкаў і дзяўчынак на Новы год і Каляды ўсё цяпло душы і цуды ды здзейсніць дзіцячыя мары. Менавіта пра гэта абласная акцыя «Грамадскія арганізацыі — дзецям». Ужо ў другі раз на Гродзеншчыне яна дае старт шматлікім дабрачынным мерапрыемствам, якія прымеркаваны да зімовых святаў і аб’яднаны маштабным рэспубліканскім праектам «Нашы дзеці».

Сёння акцыя прайшла ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці і сабрала дзясяткі юных жыхароў нашага краю. Маленькіх гасцей чакалі незабыўныя прыгоды ў навагодняй краіне. Супрацоўнікі ўстаноў культуры і народныя майстры запрасілі дзетак на святочныя майстар-класы па вышыўцы, вырабу гліняных цацак, калядных вянкоў і сняжынак. Не абыйшлі хлопчыкі і дзяўчынкі ўвагай скрыню для пісем Дзеду Марозу, утульную фотазону з камінам і зімовы аквагрым.

Кранальным і шчырым стаў для ўсіх прысутных момант, калі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый віншавалі маленькіх карэліччан са святамі. Але аднымі пяшчотнымі словамі справа не скончылася. Падарункі і ласункі выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў Палужжы, а таксама самым творчым і спартыўным хлопчыкам і дзяўчынкам уручылі: намеснік старшыні райвыканкама, старшыня РА РГА “Белая Русь”, дэпутат раённага Савета дэпутаў Руслан Юр’евіч Абрамчык; начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Іна Міхайлаўна Санчук; старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Мікалаеўна Шэўка; навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, сакратар раённай арганізацыі КПБ Марыя Уладзіміраўна Беленава; старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Сяргееўна Яфрэмава.

А калі на свята завіталі яшчэ і Дзед Мароз са Снягуркай, радасць перапоўніла сэрцы дзяцей. Разам з казачнымі персанажамі яны і карагодзілі, і спявалі, і чыталі вершы.

І гэта толькі пачатак дзівоснай пары на Карэліччыне. Наперадзе нашых дзяцей чакае неверагоднае святочнае падарожжа.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Translate »