23.04.2024

9 Мая – вялікі дзень. Гэта гонар за народ, што перамог. Гэта нязломны дух краіны, якая паўстала з руін. Гэта мільёны лёсаў людзей, якія адрадзіліся для новага жыцця. Гэта асаблівае свята для кожнага з нас. І Карэліччына сустракае Дзень Перамогі ў велічы і харастве, з пачуццём бязмежнай радасці і шчырай падзякі героям Вялікай Айчыннай вайны за мір, спакой і квітнеючую незалежную краіну.

Раніца ў райцэнтры пачалася песнямі Перамогі і святочным шэсцем. Юныя і дарослыя карэліччане традыцыйна прайшлі ад плошчы 17 Верасня да мемарыяльнага комплексу “Зорка”. У межахрэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае” прадстаўнікі розных пакаленняў неслі ў руках партрэты загінулых на вайне родных. І кожны з прысутных, незалежна ад узросту, мог расказаць з любоўю і павагай пра сваіх мужных і самаахвярных продкаў.

На мемарыяльным комплексе “Зорка” калона прыядналася да ўдзельнікаў тэатралізаванага мітынгу “…І памятае Беларусь сваіх герояў”. Урачыстая атмасфера, шчымлівая пастаноўка, прысутнасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кранальныя прамовы, слёзы на вачах і ўсмешкі падзякі на вуснах. Узрушаныя да глыбіні душы карэліччане аддалі даніну памяці словам і справай героям вайны.

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак у звароце да прысутных падкрэсліў:
“З кожным годам усё цішэй гучыць рэха той вайны. Адрадзіліся нашы гарады і вёскі, зацягнуліся раны на беларускай зямлі і ў людскіх душах. Але ніколі не будуць забыты імёны тых, хто заплаціў так шмат за Перамогу, за нашу будучыню. Беларусы добра памятаюць, колькі каштуе мір і свабода, шчасце сустракаць усход сонца, удыхаць водар гарачага хлеба, адчуваць цеплыню любімых рук, чуць звонкі смех дзяцей і марыць аб іх светлым і лёгкім жыцці. Барацьба нашых людзей была ўсенароднай, змагаліся салдаты, дзеці, жанчыны. Таму і наша памяць пра тыя вялікія падзеі таксама ўпісана ў лёс і гісторыю ўсёй нацыі. Нашы землякі, ураджэнцы Карэліччыны, не шкадавалі сябе і мужна абаранялі Радзіму. Яны ведалі, што ішлі на смерць, але свядома абіралі менавіта такі шлях дзеля гэтага святога дня — Дня Перамогі! І наша моцная і квітнеючая Беларусь — лепшы помнік героям Вялікай Айчыннай вайны”.

Ад імя пакалення пераможцаў слова трымаў былы малалетні вязень Азарыцкага лагера смерці Пётр Сачыўка. Таксама мітынг наведалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Пётр Шэўка, Павел Бычко,Надзея Кужалевіч і Уладзімір Буй.

Наказ старэйшых ўважліва слухала карэліцкая моладзь. Сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» ДУА «Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы» Аліна Карпава запэўніла, што тыя агульначалавечыя каштоўнасці, за якія змагаліся нашы дзяды і прадзеды, будуць захаваны назаўжды.

Пасля мітынгу ўрачыстасці працягнуліся на плошчы 17 Верасня святам “Дзякуй за Перамогу!”. Са сцэны гучалі музычныя віншаванні ад артыстаў Карэліцкага РЦКіНТ, дзіцячай школы мастацтваў райцэнтра, Мірскага ГДК.

Асаблівым момантам святочнай праграмы стала ўзнагароджанне памятнымі сувенірнымі медалямі “100 год утварэння БССР” жыхароў Карэліцкага раёна, вядомых землякам сваёй працавітасцю і адданасцю роднай зямлі: Лідзіі Нагорнай, Марыі Беленавай, Уладзіміра Галавача, Ганны Шклярж, Івана Гавака, Ганны Жарскай, Васілія Чартко, Галіны Калтуновай.

Таксама жыхароў і гасцей райцэнтра на працягу дня запрашаюць атмасферныя тэматычныя пляцоўкі“На прывале”, “Франтавое фотаатэлье”, “Дзень Перамогі”, “Ёсць толькі імгненне…”, “Палявая пошта”. Цікавыя экспазіцыі падрыхтавалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна.

“Сцяна памяці” чакае ўдзельнікаў акцыі “Беларусь памятае”. Тут усе жадаючыя могуць размясціць партрэты сваіх родных, якія прайшлі дарогамі вайны, і зрабіць здымак на памяць.

Абавязкова зазірніце на пляцоўку “У імя Перамогі”, якая ўключае выставу нашых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А вось Карэліцкі раённы краязнаўчы музей да свята падрыхтаваў незвычаўную фотазону “Дзякуем, шануем і памятаем!”. Нашы бібліятэкары па добрай традыцыі таксама здзівілі экспазіцыяй з рэдкімі кнігамі на ваенную тэматыку.

Не забывайце, шаноўныя сябры, і пра тое, што падчас свята працуюць гандлёвыя рады, дзіцячая пляцоўка, бяспройгрышная латарэя, пракат электрамабіляў для самых маленькіх, батут, майстэрня “Арт-гламур”, продаж сувеніраў і прысмакаў.

Выдатнага свята і ўсім добрага настрою!

Марына Казловіч
Фота Вікторыі Касцюк, Юрыя Гейзерава і Ларысы Шуглі
Відэа Лізаветы Муціловіч

Translate »