26.04.2024

Каля Мірскага замка ўсё ў дыме, на полі — адважныя салдаты дзвюх магутных армій, стрэлы і агонь, удалыя казакі і кавалерысты, смелыя атакі ды заварожаныя гледачы. Нават Леў Талстой здзівіўся бы тым эпічным эмоцыям, якія зведалі сёння старажытныя муры славутасці. У трэці раз міжнародны фестываль «Мір-1812» сабраў мноства рэканструктараў і гледачоў на карэліцкай зямлі.

На фестывалі госці ў поўнай меры змаглі адчуць атмасферу 1812 года. Адных прыцягнула пляцоўка ваенна-патрыятычнага цэнтра «Казацкі Спас» і Праваслаўнага брацтва Праабражэння Гасподняга Нясвіжскага благачыння, іншыя з задавальненнем наведалі белы лагер рэканструктараў, дзе пазнаёміліся з воінамі рускай і напалеонаўскай армій.

Мы, як і ўся публіка, трапілі і да адных, і да другіх. Пра дух брацтва і асаблівасці сёлетняй праграмы падчас экскурсіі па казацкіх прасторах распавёў адзін з арганізатараў фестывалю «Мірскія Шэрміцыі», казак ВПЦ «Казацкі Спас» Алег Саковіч з Баранавіч: «Адразу скажу, што гэтыя землі для нас як родныя. Ды і род Святаполк-Мірскіх звязаны з гісторыяй казацтва. І мы ўжо другі год праводзім тут спаборніцтвы па валоданні шашкай (шабляй). Яны прысвечаны змаганню казакоў атамана Мацвея Платава з напалеонаўскай кавалерыяй. На гэтай зямлі якраз адбылася першая перамога айчыннай зброі і казацтва над сіламі французскай арміі. І мы яе святкуем: але не толькі з шашкамі, але і са спевамі ды танцамі на канцэрце. Да таго ж, у нашым лагеры кожны жадаючы можа пазнаёміцца з сучаснай зброяй, нават уласнаруч разабрацца з аўтаматам. Усяго ў фэсце ўдзельнічаюць каля 50 чалавек, якія прадстаўляюць розныя казацкія аб’яднанні».

Белы лагер сустрэў нас актыўнай падрыхтоўкай воінаў рускай і напалеонаўскай армій да бітвы. Між тым, пакуль адны прадумвалі пераможную тактыку і будучыя подзвігі на полі змагання, астатнія насалоджваліся мірным жыццём. Дамы аддавалі перавагу свецкім размовам і маляванню, а пары адпраўляліся на шпацыр да возера. Лізавеце Харута з мінскага «22-га палка» такі лад жыцця даспадобы, і дзяўчына ўжо трэці раз прыязджае на фестываль «Мір-1812»: «Я даўно зацікаўлена гэтай эпохай. У маленстве чытала шмат кніг пра тыя часы. І зараз я здзяйсняю свае дзіцячыя мары, актыўна наведваю ўсе тэматычныя падзеі ў Беларусі». А вось Станіслаў Рыжанкоў з гомельскага танцавальнага клуба «Карункі крокаў» на фестывалі ўпершыню: «Я нядаўна трапіў у незвычайны свет мінулага. І як толькі прыехаў у Мір, то адразу адчуў, як моцна мне падабаецца месца. Вельмі атмасферна!»

Зазірнулі мы і ў адно з самых папулярных месцаў у белым лагеры — на кухню. Там рэцэптамі смачных страў з намі падзялілася Вольга Дубатоўка з коннага клуба «Залатая шпора»: «Беларуская кухня заўжды адрознівалася любоўю да мяса. Так адразу ўзгадваюцца зразы з ялавічыны, куды дадавалі яшчэ масла, сыр, травы, не лішнімі былі грэчка і гародніна. А як не расказаць пра страву з каўбас на піўным бульёне! Адным словам, нашы продкі любілі належным чынам паесці».

Пабачыць не толькі быт, але і ваенныя перапетыі таго рамантычнага і адначасова драматычнага часу гледачы змаглі падчас праграмы «Бой за замак» на пляцоўцы «Яблыневы сад». Баталіі сталі рэпетыцыяй перад заўтрашняй грандыёзнай рэканстукцыяй «Бітва пад Міром» пра першае буйное кавалерыйскае змаганне кампаніі 1812 года на тэрыторыі Беларусі. Да слова, гэты тэатр баявых дзеянняў аб’яднаў больш за 100 чалавек з Беларусі і Расіі. Ды і каментавалі яго для гледачоў добрыя знаўцы гісторыі — загадчык аддзела па экскурсійнай працы музея «Замкавы комплекс «Мір» Дзмітрый Манкевіч, прадстаўнікі Мінскага пяхотнага палка ўзору 1812 года — камандзір Сяргей Вілейка і фельдфебель Ігар Груца.

Турысты з Расіі Іна і Міхаіл Бачурыны нават не чакалі, што трапяць на такую маштабную падзею: «Рэканструкцыя ў Мірскім замку — гэта нешта неверагоднае, мы ў захапленні! Склалася адчуванне, што мы перанесліся на стагоддзі назад і адчулі тую эпоху. Мы і так часта прыязджаем сюды, і фестываль — яшчэ адна нагода завітаць у адно з самых любімых месцаў на Беларусі».

Пакуль рэканструктары дарылі гасцям адмысловыя ўражанні, за добры настрой і ўнікальныя сувеніры, у тым ліку і з сімволікай Мірскага замка, адказвалі на фестывалі народныя майстры. Сярод іх — мастачкаАлена Зыбайла, якая здзіўляла прысутных упрыгожаннямі з натуральнымі раслінамі, выпальваннем па дрэве і роспісам па шкле: «Так цудоўна! Навокал столькі цікавых людзей, ды яшчэ Мірскі замак і ваколіцы цешаць вока шыкоўным краявідам. Мы з мужам прыязджаем сюды заўжды з вялікай радасцю!»

Пасля насычанай «баявой» праграмы і наведвання гандлёвых радоў прысутныя накіраваліся ва ўнутраны дворык замкавага комплексу на гукі музыкі. Там усіх чакалі яскравы і запальны канцэрткалектыву казацкай песні і танца «Маме падабаецца!» і лірычны выступ рамантыка напалеонікі Уладзіміра Агапцава.

Прычым ад выступленняў атрымалі задавальненне як гледачы, так і артысты. Мастацкі кіраўнік творчага казацкага калектыву Мікалай Кірычэнка шчыра падзякаваў публіцы за тое, што нават у моцны дождж яны былі ля сцэны і гучна падтрымлівалі спевакоў і танцораў апладысментамі: «Канцэрт прайшоў выключна. Людзі насуперак надвор’ю ўсміхаліся і весяліліся. Адчувалася любоў публікі да песні і, што нам прыемна, інтарэс да казацкай культуры».

Самыя добрыя эмоцыі выклікала гасцінная мірская зямля і ў яшчэ аднаго казака — старшыні грамадскага аб’яднання «Горад без наркотыкаў» і кіраўніка ВПЦ «Казацкі Спас» Пятра Шапко: «З кожным годам фестываль набывае новую сілу і збірае ўсё больш людзей. Сюды прыязджаюць сем’ямі. Задавальненне атрымліваюць і дарослыя, і дзеці. Увогуле, такія падзеі аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных пакаленняў і народаў ды яшчэ гісторыю і сучаснасць».

Першы дзень фестывалю выдаўся, як адзначылі ўдзельнікі і гледачы, ашаламляльным. А другі дзень, па ўсіх прагнозах і праграме, абяцае яшчэ больш моцныя эмоцыі. Так што, усе гайда на «Мір-1812»!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Translate »