26.04.2024

Здаўна ў Міры былі цесна пераплецены культуры розных народаў, якія на працягу многіх стагоддзяў мірна і плённа разам працавалі і адпачывалі. Тут жывуць людзі розныя па мове, але іх яднае тое, што ўсе жыхары любяць спяваць песні, танцаваць, у вершах і паэмах праслаўляць сваю краіну, сваё мястэчка. Наш шматэтнічны народ – мірны, спагардлівы хоча жыць у міры, радавацца, смяяцца, сябраваць. На нашым фестывалі былі прадстаўлены культуры розных народаў.

Урачыста адкрыў фестываль старшыня Мірскага сельскага Савета Аляксандр Лявонцьевіч Маркевіч.

У рамках правядзення фестывалю быў аб’яўлены конкурс падворкаў кожнай нацыянальнасці.

Гасцей чакалі падворкі беларускай, польскай, яўрэйскай, татарскай, цыганскай культур, квэст “Сцежкамі стагоддзя”, атракцыёны, латарэі і іншае. Прысутныя змаглі атрымаць асалоду ад выступлення гасцей фестывалю, калектываў – вакальнага ансамбля “Варажэя” Іўеўскага раёна, народнага ансамбля яўрэйскай музыкі “Шалом” Палаца культуры горада Ліды, народнага хора “Панямонь” Навасвержанскага Дома культуры Стаўбцоўскага раёна.

Напрыканцы паважанае журы падвяло вынікі конкурса падворкаў:

у намінацыі “Падворак у лепшых нацыянальных традыцыях” перамогу атрымаў аддзел культуры і вольнага часу “Мірскі гарадскі Дом культуры” (Польскі падворак);

у намінацыі “За творчы і крэатыўны падыход у афармленні” – аддзел культуры і вольнага часу “Красненскі Дом культуры” (Цыганскі падворак);

у намінацыі “За раскрыццё тэмы “Мір 20-30 гг. ХХ ст.” – аддзел культуры і вольнага часу “Цырынскі Дом культуры” (Беларускі падворак);

у намінацыі “Захаванне традыцыі нацыянальнай кухні” – сумесна аддзел культуры і вольнага часу “Турэцкі Дом культуры” і сектар “Малюшыцкі сельскі Дом культуры” (Татарскі падворак);

у намінацыі “Лепшы нацыянальны абрад” — аддзел культуры і вольнага часу “Жухавіцкі Дом культуры” (Яўрэйскі падворак).

Дыпломы за ўдзел таксама атрымалі Мірскі і Цырынскі студэнцкія атрады і госці свята.

Выбіраючы сабе сяброў, мы будзем старацца зразумець, чым жыве чалавек, дзе яго карані, якімі традыцыямі ён ганарыцца. Ня можа быць сяброўства паміж народамі, паміж дзяржавамі без сяброўства пэўных людзей!

Віталій СМАЛЯНКА

Фота аўтара і Лізаветы МУЦІЛОВІЧ

Translate »