29.03.2024

Самы шчаслівы дзень для журналіста, упэўнена на 100 адсоткаў, той, які праходзіць у цікавай дарозе. 1 верасня яна прывяла каманду газеты “Полымя” разам з вялікай і дружнай карэліцкай дэлегацыяй усіх узростаў у горад з 767-гадовай гісторыяй Слонім на XXVI Дзень беларускага пісьменства. І кожнаму з нас гэта гасціннае святочнае месца падарыла нешта асаблівае.

Ужо з першых хвілінаў у Слоніме адчувалася, што колькасць людзей у горадзе ўзрасла ў некалькі разоў. Мы нібы трапілі ў сталіцу. І, насамрэч, гэта было так. Бо на выхадныя Слонім стаў культурнай сталіцай Беларусі, дзе сышліся сотні сцяжынак творчых і таленавітых людзей. І, сапраўды, было радасна акунуцца ў гэта імклівае і захапляльнае фестывальнае жыццё. Шчыра скажу, што ў большасці я забывала, што на працы, і проста атрымоўвала асалоду ад няспыннага руху навокал. Слонім нагадваў адзін вялізны квэст, дзе за кожным паваротам цябе чакаў прыемны сюрпрыз. Энергетыка натоўпу, хараство вуліц і будынкаў і асобным радком – праграма мерапрыемстваў, настолькі багатая, што, здавалася, спявалі, танцавалі, дэкламавалі паэзію з прозай, майстравалі альбо ўсталёўвалі новыя спартыўныя і кулінарныя рэкорды практычна ўсе жыхары і госці горада.

Мы прыядналіся да гэтай магутнай творчай стыхіі на “Фестывалі кнігі і прэсы”, дзе газета “Полымя” разам з прадстаўніцай літаратурнага аб’яднання “Рэчанька” Святланай Моніч літаральна ў вершах прэзентавала свой стэнд. Таксама ў нашай зоне наведвальнікі маглі пагартаць нумары “раёнкі” і кнігі вядомых карэліччан. Нават сімвал свята ў Слоніме львяня Лявон завітаў да нас у госці.

Далей асобнай кропкай на маім маршруце быў пазначаны касцёл святога Андрэя. Бо традыцыйна Дзень беларускага пісьменства нельга ўявіць без духоўнага складніку. Тым больш гісторыя свята неад’емна звязана з Францыскам Скарынам. А як мы ведаем, першай надрукаванай ім беларускай кнігай быў “Псалтыр”. Таму святочная праграма не абмінула ўвагай храмы як у Слоніме, так і ў Жыровічах. Усе святыні сустрэлі гасцей упрыгожаныя кветкамі і з адкрытымі сэрцамі вернікаў і духавенства.

Узнёслая пасля наведвання старадаўняга храма, я накіравалася бліжэй пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі. Якіх толькі дзіваў не прывезлі беларускія майстры! Вядома, і нашы таксама.Карэліцкі Дом рамёстваў прадстаўлены рознымі вырабамі, – распавяла яго кіраўнік Юлія Баярэнка– Тут і ганчарства, і ткацтва, і саломапляценне, і разьба па дрэве, і вышыўка. У дзетак асаблівай папулярнасцю карыстаюцца лялькі з Жухавіч. Да таго ж, наведвальнікі нашай пляцоўкі з інтарэсам далучаюцца да вырабу абярэгаў”.


Адмысловыя майстар-класы для гасцей свята падрыхтавалі і прадстаўнікі прафесійна-тэхнічных устаноў Гродзеншчыны. Ізноў мой шлях ляжаў да землякоў. Першым на вочы трапіў Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж. Яго дырэктар Наталля Кадлубай разам з калегамі паспяшыла падзяліцца эмоцыямі: “Мы з нецярпеннем чакалі паездкі і зараз знаходзімся ў захапленні ад дзеі навокал! І наш творчы ўнёсак таксама тут ёсць. Гаворка ідзе пра вырабы нашых навучэнцаў і педагогаў, майстар-класы па кераміцы і роспісу па тканіне. Яшчэ адзін падарунак ад нас – магчымасць дэталёва пазнаёміцца з народным тэатрам “Батлейка”. Адзначу, што нават надвор’е спрыяе святу і выдатнаму настрою ва ўсіх!” Цёплыя ўспаміны са Слоніма засталіся і ў намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага ДМПТК, мастацкага кіраўніка “Батлейкі” Канстанціна Петрымана: “Сапраўднае свята беларускасці! Тут адчуваецца народны дух. Бачна, што дзеткі і дарослыя зацікаўленыя сваёй гісторыяй і культурай. Вось у чым галоўны сэнс Дня беларускага пісьменства”.

Пакуль міране зачароўвалі лялечным тэатрам, Карэліцкі дзяржаўны прафесійны будаўнічы ліцэйзрабіў стаўку на мноства керамічных сувеніраў, адпаведны майстар-клас і на шыкоўную самаробную стылізаваную кнігу, якая выклікала ажыятаж сярод тутэйшай публікі. “Гэты шэдэўр з’явіўся, дзякуючы таленту нашых педагогаў Марыі Мялешкі і Таццяны Купрас, – падзяліўся сакрэтам дырэктар установыГенадзій Арцюх. – Наша кніга адразу кідаецца ў вочы і, тым самым, нібы нагадвае кожнаму, як важна ведаць і чытаць родную літаратуру”.

Такую думку раздзялілі і прадстаўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі, таму прывезлі ў Слонім багата выданняў пра наш родны край і асабліва пра Мірскі замак. “Менавіта гэта славутасць стала лейтматывам нашай пляцоўкі, дапамогу ў стварэнні якой аказаў краязнаўчы музей, – удакладніла дырэктар раённай бібліятэкі Лілія Арцюх. – Госці рабілі здымкі на памяць у фотазоне на фоне знакамітых ва ўсім свеце старажытных муроў, гулялі ў шашкі з выявамі ўладальнікаў замка. Таксама ўсе маглі даведацца на выставе рэдкіх кадраў, як выглядаў комплекс у 1970-х гадах. А нашы самыя юныя сябры былі занятыя пазламі з карэліцкімі славутасцямі. Знайшлі мы час, і каб наведаць пляцоўкі сваіх калег з іншых раёнаў. Да слова, вельмі спадабаліся Ашмяны і Свіслач. І гэта таксама адметнасць свята – атмасфера дружбы”.

Адчулі дух сяброўства і падарожнікі з Цырына. Са слоў кіраўніка групы, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Цырын-Агра” Святланы Бубен, калі ў мінулым годзе яны проста вандравалі па Жыровічах і Сынкавічах, то сёлета запланавалі сваю паездку менавіта на Дзень беларускага пісьменства, і слонімская зямля поўнасцю апраўдала ўсе чаканні. Вось і “працуючая пенсіянерка”, як прадставіла сябе Ніна Парэйка, ні на імгненне не пашкадавала, што пакінула хатнія справы:“Падарожжа, у тым ліку і ў Жыровічы, дадало столькі новых сіл, што можна гуляць на свяце да позняй ночы!” Адзінаццацігадовыя Алёна Барташэвіч і Ксенія Серая таксама забыліся пра стому ад доўгай паездкі, асабліва калі трапілі ў парк на дзіцячую пляцоўку з безліччу атракцыёнаў.

Хутка ўліліся ў жыццё святочнага Слоніма і вучні 5-10 класаў сярэдняй школы г.п. Мір разам з кіраўніком групы, намеснікам дырэктара ўстановы Інэсай Пастуховай. “Нас захапіла абсалютна ўсё: файны настрой людзей, гаманкі парк з забавамі, бібліятэчныя пляцоўкі, стэнды выдавецтваў. А яшчэ мы выйгралі некалькі прызоў у квэст-гульні “Код Сапегі”, – не забыліся ўзгадаць пра поспехі мірскай каманды дзесяцікласніцы Ганна Сачук і Валерыя Скок.

Пакуль адны карэліччане насалоджваліся адпачынкам, іншыя актыўна працавалі. Сярод іх –“Цырынскія музыкі”, якія запальна выступілі адразу на дзвюх пляцоўках і ўсюды пад авацыі. “Так, нагрузка тут у нас разам з ярэміцкімі «Закрытымі тварамі» добрая, – пацвердзіў мастацкі кіраўнік калектыву Васілій Наумовіч. – Але ж гэта такая радасць – дарыць свята іншым, ды і сабе заадно!”

Сваім талентам шчодра падзяліўся з прысутнымі і майстар па разьбе па дрэве Аляксандр Заблоцкі: “Не ўпершыню наведваю Дзень пісьменства, быў у розных гарадах. Ды і ў сам Слонім з іншых нагод часам заязджаў. Але сёлетнюю камандзіроўку яшчэ доўга буду ўзгадваць добрым словам. Прынялі цудоўна, атрымаў задавальненне ад майстар-класа, усё прайшло найлепшым чынам”.

Так, каб здарыўся Дзень беларускага пісьменства, спатрэбіліся каласальныя намаганні вялізнай колькасці прадстаўнікоў самых розных прафесій. Але ж калі ты напрыканцы свята бачыш хоць і стомленых, але радасных людзей, калі вакол гучыць роднае слова ды дзіцячы смех і ты нібы дакранаешся да бясконцых багаццяў свайго народа, калі, у рэшце рэшт, проста ідзеш па лесвіцы, на прыступках якой напісаны імёны класікаў беларускай літаратуры, ты разумееш, што ўсё адбылося нездарма. А, тым часам, эстафету Дня беларускага пісьменства прыняў горад Бялынічы Магілёўскай вобласці.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Translate »