19.04.2024

У Дзень маці хочацца асаблівым чынам акутаць акіянам цеплыні і любові нашых самых блізкіх людзей. Словы бязмернай падзякі ў іх адрас прагучалі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна 14 кастрычніка на традыцыйнай сустрэчы мясцовых уладаў з 16 жыхаркамі нашага краю.

Кожная жанчына прыйшла на ўрачыстасць са сваёй гісторыяй жыцця. Розныя лёсы, аб’яднаныя вялікай і самаадданай любоўю да сям’і і да роднай зямлі. У гэтай думцы сышліся ў святочных прамовах старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў і намеснік старшыні райвыканкама Ігар Лазарэвіч. Шмат гаварылі на сустрэчы і пра надзённае. Агучаныя тэмы закраналі самыя розныя галіны, але асноўны акцэнт быў зроблены на ахове мацярынства і дзяцінства.

– Жыццё ставіць перад жанчынамі нямала пытанняў, якія яны паспяхова вырашаюць. Добрыя спецыялісты, руплівыя гаспадыні, цудоўныя маці і проста нашы музы – гэтыя словы можна смела аднесці асабіста да прысутных у зале і, увогуле, да жыхарак Карэліччыны, – падкрэсліў Аляксандр Шкадаў.

Пра жанчыну і маці як бяздонную крыніцу натхнення, дабра і пяшчоты на мове мастацтва расказалі ў нумарах-віншаваннях артысты Карэліцкага РЦКіНТ: Рыта Яроцкая, Міхаіл Башко, Наталля Шпакоўская, Аляксандр Чарапанаў. Выдатны творчы сюрпрыз падрыхтавалі таксама маленькія зорачкі Ганна Кузьміч і Сафія Карвіга.

Дык хто ж яны – гэтыя ціхія гераіні ўрачыстай сустрэчы? Звычайныя жанчыны, якіх мы сустракаем на прадпрыемствах і ў арганізацыях, падчас прагулкі на вуліцы ці ў чарзе ў магазіне, мілыя, сціплыя і шчырыя. У сёлетнім спісе: памочнік повара КСУП “Племзавод Карэлічы” Наталля Рэўка, галоўны бухгалтар УКП БАН Ларыса Гінак, рабочая сталовай КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”Алена Долмат, аператар ільночасальнай машыны ААТ “Карэлічы-Лён” Валянціна Уласевіч, намеснік галоўнага бухгалтара ДП “Цырын-Агра” Юлія Сцяцко, дыспетчар мехмайстэрняў СВК “Свіцязянка-2003”Алена Чубрык, медсястра агульнай практыкі Мірскай паліклінікі Карэліцкай ЦРБ Алена Мурашкевіч, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ЦСАН Карэліцкага раёна Ірына Трыбуць, бухгалтар КСУП “Царука” Алена Сак, аператар машыннага даення КСУП “Малюшычы” Таццяна Каратай, бухгалтар ДП “Чарняхоўскі-Агра” Таццяна Гурская, педагог-псіхолаг Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна Галіна Кузьміч, намеснік галоўнага бухгалтара КСУП “Лукі-Агра” Жана Леановіч, інспектар па кадрах СВК “Маяк-Заполле” Вольга Лапата, памочнік упраўляючай МТФ М. Жухавічы СВК “Жухавічы” Лілія Цімашэнка, дырэктар Карэліцкага маладзёжнага цэнтра культуры Тэрэза Коўжуць.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Translate »