24.04.2024

Талент не перадаецца па спадчыне, ён патэнцыйна закладзены ў кожным дзіцяці. Раскрыццё гэтых здольнасцяў залежыць толькі ад асяроддзя, у якім расце і развіваецца дзіця.

Нашым юным зорачкам з гэтым пашанцавала. Іх выхоўваюць не толькі выдатныя бацькі, якія ўкладаюць у іх усё, што маюць, але і таленавітыя педагогі, якія сапраўды ведаюць, як накіраваць творчы струмень у патрэбнае рэчышча.
Залатая пара года апынулася ўдвая залатой для Арыны Ханько, Міхаіла Манкевіча, Валерыі Уцінай, Дар’і Мокат, Кацярыны і Марыі Белай. Падрастаючыя таленты прывезлі з розных творчых конкурсаў чатыры ўзнагароды: тры дыплома II ступені і адзін першай.
Як праходзіла падрыхтоўка нашых зорачак, чытачам «Полымя» распавялі Міхаіл Башко і Сняжана Каляда.
— Мы заўсёды знаходзімся ў рэжыме гатоўнасці. У нас пастаянна ідзе працэс працы над творамі, — дзеліцца кіраўнік тэатральнай студыі «Эксперымент», настаўнік Арыны Ханько Міхаіл Башко. — Для Арыны мы выбіраем творы драматычнага склада. Яна вельмі тонка адчувае і ўмее перадаць усю глыбіню перажыванняў героя. Арына — руплівая вучаніца. Акрамя дбайнай працы над творам на занятках, я задаю Арыне хатняе заданне, яна вывучае дакументальны матэрыял, спрабуючы адчуць, зразумець і асэнсаваць, да прыкладу, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, яе трагізм і гераізм. На конкурсе «Крыштальны васілёк» у Мінску Арына чытала «Баладу о зенитчицах» Роберта Раждзественскага. Вялікая ўдзячнасць маме Арыны Вользе і, вядома ж, маёй калеге Рыце Яроцкая. Менавіта яна была з Арынай у гэтыя хвалюючыя моманты конкурсу.

— У апошні дзень набору ў нашу школу, калі ў мяне засталося адно свабоднае месца, да мяне прыйшлі бацькі Валерыі Уцінай, — успамінае дырэктар Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Сняжана Каляда. — А другая удзельніца дуэта, Дар’я Мокат, займаецца ў нашай школе танцамі з Людмілай Кудрыцкай, наведвае тэатральную студыю «Эксперымент» Міхаіла Башко, а да мяне прыходзіла спяваць на факультатыў. Праз тыдзень Даша запісалася ў «асноўны склад». Праз некаторы час, вельмі кароткі, нам прыйшло палажэнне аб рэгіянальным фестывалі-конкурсе частушачнікаў ў Бярозаўцы «Гучыць прыпеўка звонкая». Нягледзячы на тое, што дзеткі вучацца на эстрадным аддзяленні, мы вырашылі: «А давайце-ка паспрабуем». Паспрабавалі. І прывезлі першае месца. Другое месца ў гэтай жа намінацыі дасталася Марыі і Кацярыне Белым. Пра гэты конкурс я паведаміла сваёй калезе Вользе Белай і яна таксама не змагла застацца ў баку. Зусім нядаўна Вольга на базе свайго музычнай адукацыі атрымала другое — эстраднае. Таму было вырашана адкрыць эстраднае аддзяленне ў аграгарадку Краснае на базе мясцовага Дома культуры. Старэйшая дзяўчынка Каця ўжо год вучылася іграць на баяне, а малодшая Маша мэтанакіравана паступіла ў музычную школу спяваць. У конкурсе ўдзельнічала тры першакласніка з чатырох. І адразу выдатны вынік. Пра Міхаіла Манкевіча можна распавядаць доўга, але тое, што хлопец таленавіты, — відаць адразу. Ён намінаваны лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 13 кастрычніка Міхаіл выступіў на першым адкрытым рэспубліканскім конкурсе «Ступени творчества», адкуль прывёз Дыплом лаўрэата II ступені. Разам з настаўнікам і мамай у адной асобе Святланай Моніч Міша развіў свой талент да годнага ўзроўню.

Па словах педагогаў, Кастрычнік багаты на ўзнагароды, а ў лістападзе конкурсаў яшчэ больш. Таму не будзем адкладаць гэтую тэму ў доўгую скрыню — хутка на старонках раёнкі зноў з’явяцца фатаграфіі пераможцаў розных конкурсаў — нашых падрастаючых зорных землякоў.

Лізавета МУЦІЛОВІЧ
Фота з архіваў Міхаіла Башко і Карэліцкай ДШМ

Translate »