28.03.2024

Газета «Полымя» ужо больш за паўгода знаёміць чытачоў з тымі, чые фатаграфіі і імёны ўпрыгожваюць раённую Дошку гонару. Яна Карпава — адна з тых, хто дае падставу для гонару сваім землякам. Імя чатырнаццацігадовай школьніцы ўжо даўно на слыху ў карэліччан, і іду ў заклад, што не за гарамі час яе славы.

Напярэдадні навагодніх святаў, калі галаву займаюць думкі, куды паставіць ёлку і як яе ўпрыгожыць, у юнай зорачкі з Аюцавіч Яны Карпавай і яе педагога па вакале Аляксандра Чарапанава спраў куды больш. Яшчэ б, бо менавіта зараз дзяўчына рыхтуецца да новага, абласнога этапа дзіцячага вакальнага конкурсу «Euro — T.O.N.», які з’яўляецца адборачным вядомага дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне-2020». Пра падрыхтоўку да конкурсу творчы тандэм распавёў чытачам «Полымя».

— Яна, раскажы пра пачатак свайго музычнага шляху.

— Усё пачалося з дзіцячага садка. Ужо тады мне вельмі спадабалася спяваць. У другім класе мая настаўніца па вакалу Беата Казіміраўна Гаспадыніч дапамагала мне, адпраўляла на конкурсы ў Карэлічы. З яе дапамогай у мяне з’явіліся першыя ўзнагароды. Пасля сыходу выкладчыка ў мяне быў трохгадовы перапынак, пакуль мяне не заўважыў Аляксандр Міхайлавіч Чарапанаў.

— Як пачаўся ваш творчы саюз?

— Каля года таму ў Карэліцкім раённым Цэнтры дзяцей і моладзі я быў членам журы раённага этапа рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Дабрыдзень, свет!», дзе ўдзельнічала Яна, — дзеліцца педагог дзяўчыны Аляксандр Чарапанаў. — На конкурсе яна выконвала песню «Намалюю гэты свет», якую журы ацанілі не асабліва высока. Я прапанаваў калегам даць Яне шанец і паслухаць нешта іншае. Тады яна праспявала «Зязюлю» Віктара Цоя. Яна кранула сэрцы слухачоў, і мы ўзялі яе на абласны этап конкурсу ў Ліду. З таго часу я сам стаў займацца з Янай.

— У чым сакрэт Янінага творчага росту і поспеху?

— Збольшага ў выбары рэпертуару, — працягвае Аляксандр Чарапанаў. — Калі раней Яна спявала дзіцячыя песні, то зараз я стараюся падбіраць ёй правільны рэпертуар. Песні я даю свядома, адразу гляджу на голас вучня, на яго дыяпазон. Таму заўсёды ўпэўнены, што дзіця справіцца. Шмат што залежыць і ад вучня, але ў выпадку Яны баяцца няма чаго. Яна заўсёды варта парадам, рыхтуецца да заняткаў і наогул сама імкнецца дамагчыся поспеху. Цяпер, напрыклад, у рэпертуары Яны ёсць песні Паліны Гагарынай. З-за таго, што мне трэба прыязджаць на заняткі ў Мір з Карэлічаў, а Яне з Аюцавіч, у Мірскім Гарадскім Доме культуры мы займаемся адзін раз на тыдзень, а астатні час — дыстанцыйны, па тэлефоне. Я даю парады, заданні, Яна іх выконвае, а ўжо на самым занятку мы карэктуем вынік.

— У Паліны Гагарынай неверагодна моцны голас. Ці не страшна выконваць яе песні?

— Асабіста мне не, — упэўнена заяўляе Яна. — Да таго ж, як сказаў Аляксандр Міхайлавіч, ён падбірае мне прыдатны рэпертуар. Напрыклад, песню Паліны Гагарынай «Мільён галасоў», якую я спявала на рэгіянальным адборы «Euro — T.O.N.» у Лідзе, прапанаваў мне менавіта ён, а гэта значыць, што песні Гагарынай спяваць я магу. Да таго ж, яна і яе рэпертуар мне самой падабаецца.

— Раскажыце больш пра дзіцячы вакальны конкурс «Euro — T.O.N.».

— Дзіцячы вакальны конкурс «Euro — T.O.N.» з’яўляецца адборачным этапам вядомага дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне-2020», — распавядае Аляксандр Чарапанаў. — Для ўдзелу Яна адправілася ў Ліду, дзе яе супернікамі сталі каля 60 чалавек. Тым не менш, Яна ўвайшла ў 15 лепшых. Таксама варта адзначыць, што многіх канкурсантаў не даслухвалі да канца і прасілі спяваць акапелла, у той час як Яну праслухалі цалкам. Дарэчы, ужо ў пачатку наступнага года ёй давядзецца спаборнічаць не толькі з тымі, хто прайшоў адбор у Лідзе. Канкурэнцыю Яне складуць і паўфіналісты з Гродна, а іх 21 чалавек.

— Паехаць на гэты конкурс было ідэяй Аляксандра Міхайлавіча, — дадае дзяўчына. — Мне яна вельмі спадабалася. Калі я даведалася, што гэта адбор на дзіцячае Еўрабачанне, то загарэлася яшчэ больш. Зараз усе намаганні прыкладваю на выхад у фінал конкурсу.

— А што наконт планаў на будучыню?

— Для пачатку з песняй Канчыта Вурст «Rise Like a Phoenix» ўвайсці ў топ-10 на «Euro — T.O.N.», затым ужо будзем ісці да перамогі, — кажа Аляксандр Чарапанаў. — Але гэта пакуль бліжэйшыя планы. А потым будзем працягваць працаваць, рыхтавацца да новых конкурсаў і пакараць новыя вяршыні.

— Мару паступіць у Гродзенскі каледж мастацтваў на аддзяленне «Эстрадны вакал», — дадае Яна. — Бо кінуць творчасць не змагу.

— І, вядома, мы хочам падзякаваць усіх тых, хто дапамагаў і дапамагае нам на працягу конкурсу. З вашай падтрымкай значна лягчэй выходзіць на сцэну, таму і выпрабаванні на ёй ужо не хвалююць так моцна. Дзякуй усім тым, хто з намі ўвесь гэты час, — завяршаюць свой аповяд героі.
Лізавета АЙКЯН
Фота аўтара і з архіва Яны Карпавай

Translate »