29.03.2024

13 сакавіка ў Міры правялі Масленіцу. Гэтае свята спрадвеку сустракаюць у Беларусі гарой бліноў, гульнямі ды забавамі.

Зранку праз увесь Мір прайшло святочнае шэсце, якое ўзначальвалі казачныя Зіма, Вясна і Вяснянкі. У незвычайнай калоне ішлі героі народнай казкі “Рэпка”, артысты ансамбляў “Вечарынка” і “Цырынскія музыкі”, вядома ж, не абыйшлося без нячысцікаў. Да гэтай гаманлівай кавалькады па дарозе далучаліся жыхары Міра.

Гукалі вясну ўдзельнікі свята ва ўнутраным дворыку Мірскага замка. Пакуль на святочнай сцэне Зіма і Вясна мераліся сіламі, аматары блінцоў ужо займалі чаргу, каб паласавацца выпечкай. І сапраўды, Масленічны тыдзень — гэта час, калі пра дыету можна і забыцца. Гаспадары свята пастараліся на славу: бліны з варэннем, павідлам, ліверам, салам, смятанай, ікрой і мёдам, піражкі з капустай, мясам і бульбай. Пах зёлкавай гарбаты напаўняў паветра.

— Усё гэта мы рыхтавалі для нашых гасцей з любоўю, — гаворыць дырэктар Мірскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Ведзянеева. — Каб блінцы атрымаліся заварныя ды ажурныя, да малака і мукі трэба дабавіць стакан кіпеню.

Падсілкаваўшыся, многія прынялі ўдзел у традыцыйных масленічных конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Свой спрыт дарослыя і дзеці дэманстравалі ў конкурсах “Збі збан”, “Забі цвік”, біліся мяшкамі з саломай і бегалі навыперадкі з патэльнямі.

Завяршылася свята спальваннем чучала. Лічыцца, што разам з агнём адыйдзе і зіма.

— Сёння ў Міры весела і смачна, — кажа шматдзетны тата Аляксандр Лабоцкі. — Прыйшоў на свята са сваімі дзецьмі і мамай. Цудоўныя конкурсы зладзілі арганізатары. Мы нават у адным паўдзельнічалі. Праўда, разбіць збанок мне не ўдалося, але настрой падняўся. І ўсё гэта пад запальваючую музыку. Адпачылі душой.

— Вельмі добрае свята, мы па такіх мерапрыемствах засумавалі, — гаворыць загадчык Мірскага дзіцячага садка Наталля Купрыенка. — Я сёння тут са сваімі сяброўкамі. Мы ўспомнілі тыя часы, калі хадзілі на такія святы са сваімі бацькамі. Дзякуй арганізатарам за такі падарунак! Хацелася б, каб правядзенне такіх народных святаў стала ў нас традыцыйным.

Імгненні свята

 

 

Translate »