25.04.2024

Восень — шчодрая пара года. Яна прыходзіць у наша жыццё залатымі фарбамі ў прыродзе і  дарамі ў садах і агародах. Яна багатая і на розныя святы, сярод якіх — Дзень работнікаў культуры. З нагоды падзеі ім адрасуюцца словы віншаванняў і ўдзячнасці, уручаюцца ўзнагароды  і падарункі.

Напярэдадні прафесійнага свята начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА «Беларускі саюз жанчын» Іна Санчук прыйшла павіншаваць работнікаў у працоўныя калектывы райцэнтра і наведала сельскія ўстановы культуры.

Іна Міхайлаўна выказала словы ўдзячнасці супрацоўнікам галіны культуры за іх плённую працу, адзначыўшы, што культура жыве вечна: яшчэ нашы продкі арганізоўвалі святы і былі згуртаванымі. Сёння работнікі культуры — ідэолагі, якія нясуць культуру ў масы. Культура —  магутны складнік ідэалогіі. У гэтай галіне працуе нямала таленавітых і адданых справе творцаў, на якіх можна пакласціся.

Звяртаючыся да маладых спецыялістаў, выказала надзею, што яны прынясуць у галіну культуры штосьці новае і захаваюць добрыя традыцыі. Пажадала ім рухацца наперад, шукаць і знаходзіць, што дасягаецца нястомнай працай.

І сапраўды, у галіне культуры раёна нямала тых, хто самааддана служыць абранай справе і нясе радасць людзям.  З нагоды прафесійнага свята  Граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адзначаны дырэктар ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Наталля Гароднік, мастак гэтай установы Аляксандр Заблоцкі, дырэктар ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» Сняжана Каляда, метадыст ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Наталля Казарэз, дырэктар Турэцкага Дома культуры Жанна Комар, загадчык Аюцавіцкага сельскага клуба Вераніка Лабанава.

Старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Наталля Казарэз уручыла Падзякі ад прафсаюзнага камітэта намесніку дырэктара ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» Святлане Гавіна, бібліятэкару Турэцкай сельскай бібліятэкі Ганне Клімаш, прыбіральшчыцы службовага памяшкання сектара «Малюшыцкі сельскі Дом культуры» Галіне Курдун.

З нагоды прафесійнага свята былі ўшанаваны і маладыя спецыялісты:  бібліятэкар Карэліцкай раённай бібліятэкі Вікторыя Балашэнка, рэжысёр ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Аляксей Тананка, майстар народных мастацкіх рамёстваў Карэліцкага Дома рамёстваў Паліна Мельнік, настаўнік Карэліцкай ДШМ Алена Шэдзь, настаўнік Жухавіцкага філіяла Карэліцкай ДШМ Сяргей Шмайло, настаўнік Мірскай ДШМ Караліна Капковіч.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ

Translate »