27.04.2024

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на падтрымку нацыянальных моў і культур, захаванне нацыянальнай адметнасці і самабытнасці, забеспячэнне права кожнага чалавека карыстацца роднай мовай і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый.

Напярэдадні свята мы пацікавіліся ў тых, хто заўсёды размаўляе і думае па-беларуску, як яны прыйшлі да матчынага слова.

Святлана Варава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”:

 – Мілагучнасць роднай мовы, яе багацце і разнастайнасць, прыгажосць і глыбіня літаратурных вобразаў захаплялі мяне яшчэ з юнацтва.

 На сваіх уроках стараюся далучыць школьнікаў да духоўных каштоўнасцей беларускага народа, абудзіць жаданне шанаваць традыцыі і культуру роднага краю.  Сёння сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, гістарычнай памяці, паглыбляць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуццё грамадскасці, любоў да Радзімы.

Вельмы важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромецца на ёй размаўляць.

Спасціжэнне на належным узроўні беларускай мовы і літаратуры фарміруе ў кожным навучэнцы ўсведамленне яго прыналежнасці да народа, які мае сваю слаўную гісторыю, багатую культуру, развітую мову, гэта значыць, абуджае пачуццё нацыянальнай годнасці, патрыятызму.

Галіна Калтунова, ветэран працы:

 – Зярнятка любові да роднай мовы ўзышло ў маё свядомаці з нараджэння, бо на ёй размаўлялі мае бацькі, жыхары роднай вёскі Падгайна, на ёй пісаў канспекты тата, які пакінуў гэты свет у 1948 годзе па прычыне цяжкага ранення на вайне. Падрастаючы, я разумела, услухоўваючыся ў гаворку вяскоўцаў, што ва ўсім свеце няма такой багатай на пачуцці мовы. Хацелася захаваць у сэрцы яе каларыт, незвычайную пяшчотнасць, шчырасць, думаць і размаўляць па-беларуску. Мне пашчасціла вучыцца ў вельмі таленавітых і разумных настаўнікаў як у маёй роднай Цырынскай сярэдняй школе, так і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Леніна. У час майго навучання там працавалі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Леанід Шакуля, для студэнтаў праводзіліся сустрэчы з Васілём Быкавым, Янкам Брылём, Генадзем Бураўкіным, Максімам Танкам і іншымі майстрамі слова, што размаўлялі на беларускай мове заўсёды. А мы маладыя бралі з іх прыклад. Так і адбылося, что мова стала маім жыццём. Карыстанне роднай мовай дорыць багацце і часцінку лёсу продкаў. Што можа быць каштоўней?

Айцец Ежы Саковіч, пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і Святой Ганны ў Варончы:

 – На роднай мове я размаўляю і думаю з самага дзяцінства. Мае бацькі заўсёды шанавалі традыцыі роду, таму ад нараджэння ў доме гучалі родныя словы. Пасля я вучыўся ў беларускамоўнай школе, а потым і сам працаваў настаўнікам пачатковых класаў і таксама выкладаў заняткі на беларускай мове. Ведаеце, яна ў нас сапраўды асаблівая, вельмі мілагучная, спеўная, у ёй ёсць шмат цікавых слоў, якія не маюць аналагаў. Мне вельмі прыемна чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў, я цікаўлюся беларускай гісторыяй і мастацтвам. Вельмі люблю свой родны кут, які ніколі ні на што б не прамяняў.

Дарэчы

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва 2019 года беларускую мову назвалі роднай 62,1% жыхароў краіны. З 19926 жыхароў Карэліччыны 16707 (83,8%)  лічаць роднай беларускую мову, 13219 (66,3%) чалавек карыстаюцца ёй дома.

Наталля САКАЛЯНСКАЯ

Фота Іны ЛЕЙКІ, з архіва рэдакцыі

Translate »