29.03.2024

У актавай зале Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўвалі юнакоў раёна, якія гэтай вясной ідуць служыць у рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У іх адрас было сказана шмат добрых і пранікнёных слоў.

Першым з наказам да прызыўнікоў звярнуўся благачынны Карэліцкай акругі, протаіерэй, настаяцель Св.-Петрапалаўскага храма г.п. Карэлічы Мікалай Орса. Святар зазначыў, што ва ўсе часы святыя давалі воінам благаслаўленне на ратныя подзвігі. Юнакі ідуць служыць Айчыне ў няпросты час, таму трэба маліцца Богу, каб выпрабаванні абыйшлі іх. Заклікаў прызыўнікоў заставацца сабой, годна выконваць свой воінскі абавязак, вярнуцца дамоў здаровымі. Мікалай Орса падараваў рабятам календары з выявамі святых і выказаў надзею, што яны будуць годна несці воінскую службу.

«Калі на свет з’яўляецца хлопчык, то яму надаецца асаблівы статус — нараджаецца мужчына, які будзе абараняць сям’ю, дом, Радзіму. І ніводзін не павінен збочыць з гэтага шляху», — сказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Маісеенка. Яна выказала надзею на тое, што ў прызыўнікоў хопіць цярпення і разважлівасці падтрымаць Радзіму ў няпросты час. Нэлі Аляксандраўна пажадала лёгкай службы, дні якой пройдуць спакойна і дастойна, а дома іх будуць чакаць.
Ад імя бацькоў слова трымала Вікторыя Лустач. Па словах маці, ва ўсе часы абаронцы Радзімы карысталіся павагай, і на сённяшніх прызыўніках — вялікая адказнасць. Яна выказала спадзяванне, што юнакі справяцца з ускладзенымі на іх абавязкамі падчас службы ў арміі і пажадала ім здароўя, аптымізму, вяртацца дамоў памужнеўшымі, дзе іх будуць чакаць.

У начальніка адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргея Шаліна была двайная адказнаць — выказаць прызыўнікам наказ на дарогу і ўручыць павесткі. «Вы стаіце на чарговым этапе жыцця — службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, і яна прынясе сваю карысць, калі вы захочаце гэтага», — зазначыў прамоўца і выказаў надзею, што пры жаданні юнакі загартуюцца духоўна і фізічна, выберуць ваенна-ўліковую спецыяльнасць, спазнаюць сапраўднае сяброўства.

Немагчыма было без хвалявання назіраць, як ваенком уручаў прызыўнікам павесткі, а яны ўзнімаліся на сцэну, такія розныя і такія падобныя: яны — абаронцы Айчыны. Дык няхай яны апраўдаюць гэтае высокае званне!

З нагоды падзеі работнікі культуры падарылі прысутным цудоўныя мелодыі.

 

Слова — прызыўнікам

Антон НАВУМЧЫК:


— Служба ў арміі — гэта ўжо дарослае жыццё, загартоўка характару і цела. З задавальненнем іду служыць, каб праверыць сябе. Па спецыяльнасці я кіраўнік фізвыхавання ў дашкольных установах і настаўнік фізкультуры ў школе. Працую ў школе і садку г. Смалявічы Мінскай вобласці. Самае галоўнае, каб дзеці былі фізічна развітымі, і ім трэба з дзяцінства прывіваць здаровы лад жыцця.

Дзмітрый ЛОЖАЧНІК:


— Я — тэхнік-будаўнік. У мяне мірная прафесія — будаваць прыгожыя дамы і рабіць капітальныя рамонты будынкаў. Я іду служыць ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, каб набыць сілу, упэўненасць, стаць больш мужным, навучыцца воінскай справе. Мой дзядуля Мікалай Мікалаевіч даў наказ: быць смелым, нічога не баяцца, любіць Радзіму. Я да гэтага буду імкнуцца.

Карэліччаніна Міхаіла Евушку на ўрачыстых провадах суправаджае яго дзяўчына Ксенія Бардоўская.


— Мы разам вучыліся ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, сябруем тры гады, — расказвае юнак. — Я буду служыць у пагранічных войсках. Мой тата служыў і дзядуля таксама, прадзед — франтавік. І я працягну гэтую добрую традыцыю — абараняць Радзіму.

— Вядома, я крыху хвалююся, але ў Мішы моцны характар, і ён справіцца. Галоўнае, каб быў мір, а з астатнім мы справімся, — адзначае дзяўчына.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ

Translate »