26.04.2024

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры гасцінна расчыніў дзверы для дзяўчынак і хлопчыкаў. Для гэтага была самая добрая нагода: свята дзетвары і першы дзень летніх канікул.

Свята прыйшло ва ўтульную залу, дзе сабраліся яго арганізатары і ўдзельнікі. Адкрыла яго загадчык установы культуры, вядучая мерапрыемства Таццяна Коўжуць. На працягу сустрэчы яна імкнулася запаліць у сэрцах дзетвары агеньчык, каб тая павесялілася на славу. Вядучая была не адна ў сваіх памкненнях: дапамагалі казачныя героі Лісічка, Пікачу, Клубнічка, супер-бабуля з планеты Х і супер-герой.

Трэба было бачыць, як танцавалі дзеці: сапраўдныя героі эстрады. Яны ўдзельнічалі і ў конкурсах. Пад гучныя апладысменты малявалі свае партрэты, складвалі казачнага героя — і атрымлівалі прызы, адгадвалі загадкі, рабілі салют з рознакаляровых стужак, і ўсім было вельмі весела.

На свята завітала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, якая павіншавала дзяўчынак і хлопчыкаў з Міжнародным днём абароны дзяцей і пажадала моцнага здароўя, вясёлага лета, цікавых падарожжаў, каб з новымі ўражаннямі і добра адпачыўшы зноў прыйшлі ў Краіну ведаў.

Мы папрасілі падзяліцца сваім ўражаннямі ўдзельнікаў свята.

Слова — удзельнікам свята:

Таццяна ДАНІЎКА, спецыяліст аддзялення адаптацыі і рэабілітацыі ЦСАН Карэліцкага раёна:
— На свяце дзяцінства прысутнічаюць сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. Мы ставілі сваёй мэтай арганізаваць свята, каб дзеці змаглі адпачыць, павесяліцца, набыць сяброў. Дапамагалі нам у гэтым спецыялісты Маладзёжнага цэнтра культуры, а таксама адклікнуўся спонсар — Белпошта. Былі арганізаваны розныя конкурсы, гульні, віктарыны, прызы, ёсць фотазона. Думаю, што ўсе змаглі добра адпачыць і атрымаць масу пазітыўных эмоцый.

Таццяна КОЎЖУЦЬ, загадчык Маладзёжнага цэнтра культуры:
— Я вельмі люблю святы, асабліва для дзяцей і з задавальненнем іх праводжу. На базе Маладзёжнага цэнтра культуры разам ладзім розныя вечарынкі, дні нараджэння, выпускныя для пачатковай школы і дзіцячага садка.
Сённяшняе свята асаблівае. Гэта дзіцячая радасць, якую выпраменьвалі дзяўчынкі і хлопчыкі. Разам з імі праводжу дзіцячую дыскатэку. Хочацца, каб усмешка не зыходзіла з іх твараў, і радасць пасялілася ў іх сэрцах.

Пётр КУЛАК, вучань 4 класа сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы:
— Я прыходжу сюды на святы. Тут танцуем і гуляем, і нам заўсёды весела. Сёння прыйшоў на свята дзяцінства не адзін — з мамай Веранікай Леанідаўнай, братам Ваням, сёстрамі Ангелінай і Кацяй. У нашай сям’і — чацвёра дзяцей, і яна вельмі дружная. Мы любім праводзіць вольны час разам, і нам вельмі падабаецца.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ

Translate »