25.04.2024

— Свята льну праводзіцца ў Аюцавічах упершыню, — расказвае загадчык Аюцавіцкага сельскага клуба Вераніка Лабанава. — Некалькі гадоў запар мы адзначалі Свята кветак, а ў гэтым годзе вырашылі, што трэба зладзіць штосьці новае. Думаю, што ў нас гэта атрымалася, бо на свяце шмат гасцей. У конкурсах на лепшы льняны вянок  і сноп будуць удзельнічаць дзеці і дарослыя, і не толькі мясцовыя, але і прыезджыя, з Карэліч, Гродна, Мінска.

Сапраўды, тут было на што паглядзець, што паслухаць і па традыцыі падсілкавацца.

Жыхарка Аюцавіч Людміла Ламаносава прыгатавала на свята пшанічны хлеб і крэкеры з семенем ільну:

— На кожнае свята дома я пяку хлеб і здобу. Рэцэпт крэкераў досыць просты. Патрэбна 500 г мукі, 200 г вады, тры лыжкі семені льну, палову чайнай лыжкі солі, чайная лыжка цукру і разрыхліцеля. За 15-20 хвілін у духоўцы атрымліваецца такая вось смаката.

Жыхарка Аюцавіч Раіса Лабоцкая прынесла на свята духмяны сырны пірог з ільном.

— Гатавала сёння ўпершыню, але ўнучка сказала, што выдатна пахне, таму, думаю, і на смак будзе добры. Патрэбен лаваш, два віды сыру або тварагу, усё гэта скруціць і скласці ў круглую форму. Змазаць сметанковым маслам, заліць сумессю двух яек з малаком. Зверху — ільносемя. У духоўку на 30 хвілін на 180 градусаў. Ведала, што на свяце будзе шмат дзяцей, таму зрабіла цукеркі: курагу і грэцкі арэх трэба змяльчыць, сфарміраваць шарыкі і абмакнуць у кунжуце і льне. Вельмі карысны ласунак!

Маці траіх цудоўных дачушак Вольга Ясевіч таксама прадэманстравала свой кулінарны талент:

— Думаю, гасцям спадабаюцца мае аладкі з кабачка з дабаўленнем ільносемені, кексы і льняны кісель.

Сацыяльны работнік Таццяна Жураўлёва ўпрыгожыла святочны стол булкай у форме кветкі льну:

— Булка прыгатавана па рэцэпце царскага куліча. Спачатку стаўлю апару. Потым асобна ўзбіваю 10 бялкоў і 10 жаўткоў, дабаўляю 200 г сметанковага масла, ванільны цукар. Каб булка была залацістай, дабаўляю куркуму. Шклянка цукру, соль і сода. Каб цеста не чарсцвела, дабаўляю алей.

Гаспадынькі так ветліва запрашалі паспрабаваць свае шэдэўры, што цяжка было стрымацца. Сапраўды, усё атрымалася вельмі смачным, а галоўна карысным. Як вядома, семя льну памяншае колькасць шкоднага халестэрыну, перашкаджае росту ракавых пухлін, умацоўвае імунітэт, здымае запаленне ў страўніку, палягчае сімптомы прастуды, спрыяе гаенню ран, нармалізуе сэрцабіцце і ціск, ухіляе ацёкі, выкарыстоўваецца пры лячэнні кан’юктывіту.

Галіна Нарбутовіч расказвае, што яе бацькі і дзяды ў посныя тыдні пастаянна ўжывалі стравы з льну:

— Гэта не толькі карысна, але і сытна. У мяне добра захавалася ступка, у якой мае продкі расціралі семя. На свята я прыгатавала грэчаскі салат, у які дабавіла льносемя і льняны алей. Гэтыя інгрэдыенты дадаюць салату незвычайную нотку.

Яе нявестка Ірына Нарбутовіч таксама не забывае традыцыі сваіх продкаў:

— Вось паглядзіце на гэтую вазу, упрыгожаную льняной ніткай. Здаецца, звычайная рэч. Але не. Гэта чыгунок, якому не менш за 100 гадоў. Магчыма, мая бабуля ці нават прабабуля ў ім кулінарылі. Мы знайшлі яго, адпаліравалі, упрыгожылі і цяпер гэта цудоўная ваза для кветак.



На свяце ўшанавалі сямейную пару Кулакоўскіх, якія адзначылі льняное вяселле. Кіраўнік спраў Мірскага сельвыканкама Сняжана Ханько пажадала суджэнцам доўгіх гадоў міру і ладу. Падарунак атрымала і шматдзетная сям’я Чабаценка, дзе выхоўваецца пяцёра дзяцей.

Суджэнцы Кулакоўскія гавораць, што разам яны ўжо 18 гадоў, а шлюбам пабраліся толькі чатыры гады таму. На дваіх у іх пяцёра дзяцей і восем унукаў. Галоўнае ж у сям’і — уменне дараваць, узаемаразуменне і каханне.

Вызначылі на свяце аўтараў лепшага вянка і снапа.

Лепшы вянок, па меркаванні гледачоў, зрабіла 10-гадовая Дар’я Рабікіна. Дзяўчынка прыехала з Гродна ў Аюцавічы да бабулі.

— Вянок мы рабілі разам з хроснай Наталляй. Я вельмі рада, што перамагла і атрымала падарунак. Увогуле свята сёння вельмі цудоўнае.

Мясцовы бібліятэкар Наталля Гаркавая перамагла ў конкурсе на лепшы сноп з ільну.

— Да конкурсу рыхтавалася загадзя. Спачатку нарвала льну. Важна сабраць яго яшчэ зялёным, каб на ламаўся. Потым высушыла. Упрыгожыла блакітнымі кветачкамі і капялюшыкам з ільняных нітак. Прыемна, што людзі ацанілі. Вельмі люблю такія святы, яны вельмі патрэбныя вяскоўцам, каб пабыць разам, пагутарыць, павесяліцца.

На свяце працавала дзіцячая забаўляльная пляцоўка, можна было купіць сувеніры. Музычныя нумары дарылі самадзейныя артысты Карэліччыны.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і Ларысы ШУГЛІ

Translate »