25.04.2024

Пляцоўка каля аддзела культуры і вольнага часу «Турэцкі Дом культуры» стала месцам правядзення свята «Свет кветак». Як адзначае загадчык установы культуры Жанна Комар, мэтай яго правядзення было паказаць прыгажосць аграгарадка Турэц, таленавітых людзей, якія моцна ўлюблёныя ў прыроду роднага краю. Дапамагалі ў яго арганізацыі раённая і  мясцовая бібліятэкі, метадычны аддзел раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Перад пачаткам свята вяду гутарку з Ганнай Аляксандраўнай Паповай (Сініца), якая прыехала на свята, каб разам з землякамі правесці гэты дзень. «Люблю кветкі, дома ў мяне шмат гераній. Яны цвітуць вельмі прыгожа. Каля 20 гаршкоў з кветкамі, палову высадзіла ў адкрыты грунт. Кветкі — гэта радасць і прыгажосць», — гаворыць субяседніца.

Свята пачынаецца. Вядучыя прапануюць акунуцца ў цудоўны казачны свет кветак. З’яўляюцца дзеючыя асобы: Ружа, Лілія, Дзьмухавец, Пчала, Глашаты, Царыца Флора. Яны вядуць паміж сабой гутарку і збіраюцца на баль. Царыца выбірае Рамонак. І гучыць выснова: «Не знешнасць судзіць Бог, а тое, што схавана ўнутры». А гэта, як аказваецца, дабрыня!

Далей аб’яўляецца конкурс «Давайце збяром букеты!» З’яўляюцца жадаючыя — і кожны стараецца паказаць сваё майстэрства ў гэтай няпростай справе. Неўзабаве вызначаецца пераможца: Іван Юрыс з г. Мінска, які прыехаў да бабулі на летнія канікулы.

Увазе ўдзельнікаў свята прадастаўляецца дэфіле кветкавых касцюмаў, а лепшы ўбор кветкі павінны выбраць гледачы. Для гэтага трэба напісаць нумар кветкі і назву на картачцы і кінуць ў кветкавую вазу. Пераможцай стала Дар’я Ходар — кветка «Рамонак».

Наступны конкурс «Кветкавыя пытанні» праходзіў ажыўлёна, адказы ад прысутных на свяце не трэба было доўга чакаць. Да таго ж, пытанні былі цікавыя. Да прыкладу: «Якая кветка пакутуе ад кахання?» (Рамонак), «З якіх кветак вараць варэнне?» (Ружа, дзьмухавец), «Якія садовыя кветкі, якія атрымалі назву «першая ўсмешка восені», цвітуць да першага снегу?» (Хрызантэмы), «Якая кветка мае адзін пялёстак?» (Кала), «Як называецца мініяцюрны букет, які прымацоўваюць да сукенкі?» (Бутаньерка) і іншыя.

У гульні «Назаві кветку» ўдзельнікі стаяць у коле, у аднаго ў руках вянок. Ігракі перадаюць яго адзін аднаму і даюць назву кветак. Той, хто не назаве ці паўторыць ужо ўказаную кветку, выбывае і становіцца ў цэнтр кола. Гульня прадаўжаецца да таго часу, пакуль не застанецца адзін удзельнік — пераможца. Ім стала Дар’я Шахнер з аграгарадка Турэц.

Свята парадавала не толькі конкурсамі і гульнямі. Увагу прыцягнулі фотавыстава «Кветкі ў нашым жыцці», фотазона «Музыка кветак», тэматычная выстава «Кветкамі ўсміхаецца зямля» (прадастаўлены кнігі, часопісы, легенды). Дзіцячую гульнёвую пляцоўку і аквагрым прадаставілі супрацоўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі. Удзельнікі свята маглі паспытаць удачу ў бяспроігрышнай латарэі, а аматары-кветкаводы набыць насенне кветак, можна было купіць сувеніры і прысмакі.

Добрыя музычныя мелодыі на працягу свята падарылі Аляксандр Чарапанаў, Юрый Сенька, Святлана Буй, Арсен Айкян, Юлія Бартош.

Узнагароджваюцца жыхары аграгарадка Турэц, якія імкнуцца зрабіць яго прыгажэйшым і паказваюць прыклад любові да цудоўнага. У намінацыі «За лепшы кветкавы падворак» — Наталля Уладзіміраўна ДРЫК (першае месца) і Жанна Віктараўна ДЗЯЛЁВА (другое месца).

У конкурсе на лепшую кветкавую кампазіцыю «Кветкавы рай» пераможцамі выйшлі Ганна Леанідаўна КАКАРЭКА, Таццяна Мікалаеўна ТАНАНКА, Ганна Мікалаеўна ДЗЯЛЁВА.

… Мы пагутарылі з пераможцамі і наведаль іх кветкавыя падворкі.

Слова — удзельнікам свята

Наталля Уладзіміраўна ДРЫК,

аграгарадок Турэц,

вул. Карэліцкая, дом 2:

— У мяне — 21 куст ружаў, 9 — хостаў, 8 — хрызантэмаў. Палову ружаў вырасціла сама. Моцна люблю кветкі, у асаблівасці, калі яны цвітуць. З ранняй вясны да позняй восені яны радуюць вочы.

Рада, што я ў сваім захапленні не адна. Мае імкненні раздзяляюць дачка Вольга, унучкі Віка і Даша, якая, дарэчы, сёння выйшла пераможцай. Кветкі — гэта настрой і радасць не толькі для мяне, але і для людзей. Дзеля гэтага можна і пастарацца. Прыгажосць зробіць нас больш дабрэйшымі, яна выратуе свет.

Жанна Віктараўна ДЗЯЛЁВА,

аграгарадок Турэц,

вул. Сатыгі, дом 4:

— У кветніку шмат розных кветак, яны з’яўляюцца кожная ў свой час: цюльпаты, нарцызы, геацынты, ліліі, ружы і іншыя. Вельмі шмат лілій, бо люблю іх водар і прыгажосць, адпачывае душа.

Кветкамі займаюся даўно, дапамагае дачка Ганна. Кветкі нясуць дабро, заспакойваецца душа, узнімаецца настрой.

Кветнік патрабуе догляду, часу, сіл, але гэта прыемныя клопаты. Але гэта таго стоіць: прачнешся раніцай — і душа радуецца. А каб кветкі лепш раслі, палівала іх спецыяльным настоем. Сакрэт просты: на 10 літраў вады — 1 літр прыгатаванага настою з крапівы і травы.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ

Translate »