29.03.2024

Пляцоўка “Мікалаеўскі кірмаш”стала не толькі месцам, дзе працавалі гандлёвыя падворкі сельскагаспадарчых арганізацый Карэліцкага, Баранавіцкага, Навагрудскага, Іўеўскага, Дзятлаўскага раёнаў, але і падзеяй, дзе госці мелі магчымасць адвесці душу ў розных забавах, танцах, выступленнях артыстаў. Як і кірмаш мінулых стагоддзяў, Мікалаеўскі стаў шматнацыянальным. Тут працавалі яўрэйскі рэстаран на адкрытым паветры “Шэпшаль”,  беларуская кавярня “У Кузьміча”, польскі магазін “Вспулдэльня”, фотамайстэрня Гольдзіна і нават размясціўся сапраўдны цыганскі табар.

— У часы праўлення князя Пане Каханку Мір стаў сапраўднай цыганскай сталіцай ВКЛ, дзе цыганы адчувалі сябе сапраўднымі гаспадарамі. Яны праславілі Мір сваімі конскімі кірмашамі. А яшчэ цыганы былі ўмелымі майстрамі ў прыручэнні мядзведзяў. Нават Радзівілы выбіралі сярод іх вучняў для сваёй вядомай на ўсю Еўропу Смаргонскай мядзведжай Акадэміі. Яны навучалі мішак розным трукам і ўменням, а потым станавіліся іх павадырамі і вандравалі з імі з выступленнямі па еўрапейскіх дарогах, разносячы славу аб Міры і Нясвіжы і саміх Радзівілах, — расказвае супрацоўнік Красненскага СДК Галіна Бузук. — Таму сёння мы прывезлі на свята мядзведзя, які таксама вучыўся ў Акадэміі і  танцаваў разам з гасцямі. Ёсць у нас і кола фартуны, з дапамогай якога можна даведацца пра свой лёс. Частавалі гасцей смажанай курыцай і каўбасой, бульбай і салам.

Польскі прадуктовы магазін “Вспулдэльня” вабіў не толькі разнастайнасцю страў, але і вельмі прыгожымі і шляхетнымі панямі.

Загадчык Мірскага гарадскога Дома культуры Валянціна Бусько нагадвае, што калісьці ў Міры было вельмі шмат польскіх і яўрэйскіх магазінаў:

— Сёння госці свята маглі ў нас пачаставацца каўбаснымі і малочнымі  вырабамі, галубцамі, дранікамі, фаршыраванымі кабачкамі, мёдам, салодкай выпечкай. Як бачна, стравы польскай і беларускай кухні вельмі падобныя, бо гэтыя народы шмат часу жылі побач у міры і згодзе і пераймалі адзін у аднаго рэцэпты.

Калі ў наведвальнікаў кірмаша яшчэ заставаліся сілы і месца ў страўніку, яны абавязкова ішлі ў яўрэйскі рэстаран пад адкрытым небым «Шэпшаль».

— Яўрэйская кухня вельмі смачная і карысная, — расказвае бібліятэкар Жухавіцкай сельскай бібліятэкі Марына Пясецкая. — Маца — гэта хлеб, кугель — бульбяная запяканка, крэплах — пельмені з агароднінавай начынкай. Даспадобы ўсім прыйшлася халодная закуска «Паўліні хвост», у аснове якой баклажаны, памідор, сыр, агурок і аліўкі. На стале ў яўрэяў традыцыйна было шмат рыбы, і мы сёння таксама частавалі рыбным пірагом і бутэрбродамі з селядцом. Усё разышлося на ўра.

На беларускім нацыянальным падворку «У Кузьміча» было таксама весела і смачна. Яго зладзілі Цырынскі і Варанчанскі сельскія Дамы культуры.

Святлана Русак, загадчык Цырынскага Дома культуры, расказвае, што гатавалі з 5 раніцы, каб паспець на кірмаш. Тут і дранікі, і бульба ў чыгуне са шкваркамі, і каўбаса дамашняя, і агурок бачкавы, і рулька. Разам з гасцямі мы сёння развучвалі побытавыя танцы і спявалі песні. Да нас падыходзілі турысты з розных куткоў Беларусі, Расіі і Украіны, частаваліся і фатаграфаваліся. Цудоўнае свята атрымалася.

Ці ведаеце Вы, што такое баурсакі? А кыстыбай ці лагман? Калі не, дык Вам раскажуць пра гэта на татарскім падворку.

— Баурсакі — гэта татарскія мікра-пончыкі, абжараныя ў вялікай колькасці алею, кыстыбак — ляпёшкі з цеста з начынкай, лагман — дамашняя лапша з агароднінай і мясам, — расказваюць работнікі Турэцкага Дома культуры. — Але мы не толькі частуем, яшчэ і спяваем, танцуем, сумаваць не даём.

На кірмашы можна было набыць славутыя іўеўскія памідоры. Наталля Белагалова разам з сям’ёй займаецца вырошчваннем агуркоў, перцу, памідораў, расказвае, што за сезон здымаюць каля 6 тон памідораў. Рэалізоўваюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі.

— Наша прадукцыя не толькі смачная, але якасная, таму і купляюць добра, — гаворыць Наталля.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і Ларысы ШУГЛІ

Translate »