28.03.2024

Уступнае слова трымала дырэктар ДУ «Карэліцкі Цэнтр культуры і народнай творчасці” Наталля Гароднік. Яна адзначыла, што сённяшняя падзея вельмі важная і значная, бо выставачная зала адкрываецца з мэтай папулярызацыі традыцыйных відаў рамёстваў Карэліцкага краю.

Кожны прысутны мае магчымасць душой і сэрцам далучыцца да работ майстроў раёна і аддзела рамесніцкай дзейнасці, разгледзець персанальную выставу вядомага майстра Веры Салдатавай. Яе практыка саломапляцення занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяй Рэспублікі Беларусь. Таксама Наталля Мікалаеўна выказала словы ўдзячнасці начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Маісеенка за фінансаванне і падтрымку ідэі адкрыцця выставачнай залы.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан:

– Лічу, што такая выстава неабходна для нашага раёна, бо у нас не было пастаянна дзеючых творчых экспазіцый. На Карэліччыне багата майстроў, і ім ёсць, што паказаць. Гэта цудоўная магчымасць прыцягнуць падрастаючае пакаленне да аднаго з відаў рамёстваў, заняць іх вольны час. Асноўнае прызначэнне вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – практычнае выкарыстанне, але яны вельмі часта ўяўляюць сапраўдныя творы мастацтва. А таксама выказаў спадзяванне, што выстава будзе запатрабавана ў розных слаёў насельніцтва не толькі нашага раёна, але і суседніх.

Яўген Мікалаевіч адзначыў фундаментальнасць творчасці Веры Салдатавай і падзякаваў вядомай майстрысе.

Вера Салдатава ў сваёй прамове адзначыла, што ўжо больш за 25 гадоў жыве на тэрыторыі раёна.

– Прыехаўшы ў Райцу, не думала, што разам з мужам будзем мець дом-музей, у якім жывём, працуем, праводзім майстар-класы, прымаем гасцей. Гэта вельмі цудоўнае і маляўнічае месца. Саломка трымае мяне на плыву ўжо доўгія гады. Упершыню пазнаёмілася з гэтым матэрыялам, калі вучылася ў вучылішчы, тады мне было чатырнаццаць гадоў. Там выкладчык паказаў, як рабіць аплікацыі. Калі прыйшла на работу ў школу, вяла гурткі па саломапляценні, працуючы ва ўніверсітэце, удасканальвала майстэрства. Матэрыял рыхтуем самі, тэхналогія вырабаў – наша фантазія. Мая самая знакамітая праца – саламяны зубр, які быў адпраўлены былому прэзідэнту Венесуэлы Уга Чавесу ў якасці падарунка. А яшчэ саламяны капялюшык, зроблены ў якасці падарунка жонцы былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана Хілары Клінтан. Некаторыя мае работы знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі выяўленчага мастацтва імя Шчэпкіна, у Маскоўскім Нацыянальным музеі імя А. С. Пушкіна, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, у прыватных калекцыях Каліфорніі, Лондана, Масквы.

Звярнуўшыся да гасцей урачыстасці, Вера Яўгеньеўна запрасіла ўсіх жадаючых наведаца да яе на майстар-класы па саломапляценні.

За персанальны ўклад у развіццё рамеснай дзейнасці Яўген Чычкан уручыў Веры Салдатавай каштоўны падарунак.

Загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” Юлія Баярэнка, назвала сённяшні дзень сапраўдным святам, якое яны вельмі чакалі.

– Сёння мы бачым радасныя вочы дзяцей і дарослых, яны захоплены вырабамі, прадстаўленымі на выставе. Значыць усё было нездарма, мы працягнем захоўваць, памнажаць народнае традыцыйнае мастацтва.

Юлія Аляксандраўна правяла агляд экспанатаў, прадстаўленых на выставе народнымі ўмельцамі раёна і Карэліцкага Дома рамёстваў.

Аднымі з наведвальнікаў урачыстасці сталі вучні ДУА ”Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”.

Вучань 9 ”А” класа ДУА ”Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы” Максім Грушэўскі гаворыць:

– Наведаўшы выставу, адкрыў для сябе многа новага. Не ведаў, што ў нашым раёне шмат таленавітых людзей, якія займаюцца рамёствамі. Вельмі спадабаліся вышываныя карціны Кацярыны Лустач, а яшчэ мяне ўразілі вырабы персанальнай выставы Веры Салдатавай, асабліва саламяны зубр. А увогуле, кожны выраб унікальны і непаўторны, таму што ў кожным з іх выяўляюцца густ, фантазія і талент умельцаў.

Вучаніца 10 класа ДУА ”Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы” Качан Дар’я адзначае:

– Вялікі дзякуй усім удзельнікам і арганізатарам за магчымасць бліжэй пазнаёміцца з народнымі промысламі, якія робяць нашу культуру багатай і непаўторнай. Усе экспанаты прывабліваюць сваёй прыгажосць і незвычайнасцю. Вельмі спадабаліся саламяныя вырабы. Людзі, якія ствараюць такі цуд, надзеленыя сапраўдным талентам і вялікай вытрымкай. Такія выставы патрэбныя і карысныя. Буду раіць сваім сябрам і знаёмым наведаць гэтую выставу, бо тут ёсць на што паглядзець.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара

Translate »