18.04.2024

На плошчы 17 Верасня ў райцэнтры прайшла ўрачыстая цырымонія запальвання агеньчыкаў  на навагодняй елцы,  што  на крок наблізіла кожнага з нас да чаканага свята.

Новы год – гэта свята, якому радуюцца як дарослыя, так і дзеці. Яно абяцае нам цуд і не  ведае межаў ні ў часе, ні ў прасторы, ні ва ўзросце. І якім бы ні быў антураж гэтага незвычайнага  дня,  яго атрыбуты заўсёды нязменныя – гэта снег, мандарыны, падарункі і, вядома ж, лясная госця.   Штогод навагоднюю прыгажуню ўсталёўваюць у цэнтры гарадскога пасёлка. Прыбраная, з мноствам  цацак,  з асляпляльнымі сняжынкамі,  прыгожай ілюмінацыяй, яна і ў гэтым годзе радуе жыхароў райцэнтра.

У дзень урачыстага адкрыцця раённай елкі  адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Верыць у чараўніцтва”, на якое прыйшлі не толькі дзеці, але і дарослыя. Гэтая падзея суправаджалася дзясяткамі шчаслівых усмешак і шматлікімі апладысментамі. Усе прысутныя разам з казачнымі персанажамі Чараўніком,  Лісой Алісай, Катом Базіліа, Снегавіком, Ямелем гулялі, кружылі карагоды,   спявалі навагоднія песні.  Вядома ж, свята не абышлося без Дзеда Мароза і  Снягуркі. Гэтыя герои дапамаглі  ўдзельнікам мерапрыества  запаліць   агеньчыкі на  лясной прыгажуні.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

Translate »