28.03.2024

Лілія ШАСТАК,

загадчык педыятрычнага аддзялення ўстановы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца»:

— Падрыхтоўку да Калядаў пачынаю загадзя, задоўга да наступлення свята. Дасканала прыбіраю хату: вымятаю і вымываю кожны яе куточак, выношу лішнія рэчы. Імкнуся шчыра захоўваць пост: гатую кашы і стравы з простых прадуктаў (бульбы,  рыбы).

Абавязкова наведваю вячэрнюю службу 6 студзеня ў мясцовай царкве. Гэта дзень шчырага паста, і толькі вечарам, пасля службы, можна паспрабаваць посных страў, асноўная з іх  — куцця. У нядзелю адбываецца ўрачыстая служба ў  царкве, і я кожны год не мінаю важнай  падзеі.

На Каляды прыязджаюць дзеці, і мы збіраемся за святочным сталом. Абавязкова стараемся наведваць бабулю і матулю ў аграгарадку Лукі. Едзем да яе, каб парадаваць хвілінамі пяшчотнай сустрэчы і пачаставаць прысмакамі. Гэтае свята натхняе на ўвесь бягучы год жыць у надзеі на Бога, на Прачыстую Багародзіцу, на Яе дапамогу ў захаванні дабрабыту, любові, спагады ў сем’ях і міру ва ўсім свеце.

Аксана БАСЮК,

метадыст аддзела метадычнай работы дзяржаўнай установы             «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці»:

— Галоўная традыцыя для нашай сям’і, якая захавалася з даўніх часоў,  — зварыць куццю напярэдадні святкавання Калядаў і падрыхтаваць для родных падарункаў. Стараемся ў гэты дзень сустрэцца ўсёй сям’ёй за святочным сталом. Мы ўспамінаем, як калядавалі ў дзяцінстве, а таксама  традыцыі нашых продкаў. Пад абрус клалі салому, і бабуля прапаноўвала выцягнуць саломінку. У каго яна будзе даўжэйшай, таму  найбольш пашанцуе ў новым годзе.  Другая мая бабуля гатавала кашу па асаблівым рэцэпце. Варыла рыс і рабіла салодкую гарбату, затым іх змешвала — і атрымлівалася куцця.

Каляды — гэта не толькі свята. Збіраецца разам уся сям’я, захоўваюцца традыцыі продкаў, абнаўляецца душа. Як работнік культуры стараюся аднаўляць і перадаваць іх маладому пакаленню. У раёне праводзяцца тэатралізаваныя прадстаўленні і фальклорныя сустрэчы.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА

Translate »