29.03.2024

У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці  праведзены ХVІІІ Міжепархіяльны фестываль-конкурс праваслаўных спеваў «Слава ў вышніх Богу». Такія імпрэзы патрэбны для адраджэння, захавання і развіцця пеўчай праваслаўнай культуры, прывіцця цікавасці слухачоў і ў першую чаргу моладзі да харавога мастацтва праваслаўнай царквы. Немалаважна адраджаць традыцыю сямейнага святкавання Нараджэння Хрыстова.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса. Святар адзначыў, што «ўсё ў прыродзе праслаўляе Бога і ад лішкаў уражанняў глаголіць сэрца». Таму выканаўцы прыйшлі на фестываль-конкурс, каб пажадаць у спевах міру ва ўсім свеце, спакою і цішыні дзяржаве, павагі і клопату ў кожнай сям’і.

На раённую сцэну галоўнай установы культуры раёна адзін за другім узнімаюцца выканаўцы — прыхаджане Карэліцкай і Навагрудскай епархій. Найчасцей гучыць «Багародзіца, Дзева, радуйся…», пасля выканання якой прыходзіць святло і цяпло ў душу. Колькі разоў слухаеш гэтыя чароўныя гукі, а сэрца  па-ранейшаму прагне ўзвышаных пачуццяў.

«Калядная калядка «Радуйся», «Французская калядка», «Калядка Калядная», «Кондак Нараджэння Хрыстова», «Тропар Нараджэння» і іншыя спевы, якія зноў і зноў прымушалі задумацца аб нашым быцці, у якім заўсёды павінны быць галоўныя каштоўнасці: любоў, дабро, радасць.

Не маглі не крануць мелодыі пра любоў да Радзімы. Словы і музыка кампазіцый «Беражыце Русь» і «Удовы Расіі» выклікалі буру эмоцый: усім  патрэбен мір. Гэта жаданне мільёнаў людзей на планеце,  і  да яго заклікалі выканаўцы на фестывалі-конкурсе.

Бадай што, у зале не было раўнадушных падчас гучання песні «К табе, Беларусь». Выканаўцы — дзіцячы хор храма Узнясення Гасподняга з  аграгарадка Ярэмічы Карэліцкага благачыння. Яны мараць, каб вайны і бяды не было ніколі, а больш веры — і няхай гэтыя пажаданні збудуцца.

У сям’і Назарэвіч, дзе выхоўваюцца пяцёра сыноў-спевакоў, вельмі любяць музыку. Рэпертуар песень да фестывалю выбіралі ўсе разам. «Музыка захапляе дзяцей, — расказвае маці Аксана Барысаўна. — Яна заспакойвае і натхняе, пасля выканання выклікае станоўчыя эмоцыі. Гэта ў нас сямейная традыцыя, перадаецца з пакалення ў пакаленне».

У завяршэнне фестывалю Мікалай Орса выказаў словы ўдзячнасці начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка і дырэктару Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталлі Гароднік за прадастаўленую магчымасць правядзення мерапрыемства, членам журы, якія прыехалі даць адзнаку спевакам, і ўдзельнікам конкурсу, якія падарылі добры настрой, і ўсе разам памаліліся аб міры на зямлі.

Лепшыя выканаўцы прымуць удзел у гала-канцэрце фестывалю «Слава ў вышніх Богу», які пройдзе ў Лідзе.

Дырэктар ДУА «Лідская дзіцячая школа мастацтваў», член праўлення ГА  «Беларускі саюз музычных дзеячаў», член журы фестывалю-конкурсу Алена СПІРЫНА адзначае:

— Мы не першы год прымаем удзел у такога роду фестывалях-конкурсах. У гэты раз выступалі прадстаўнікі Карэліцкага і Навагрудскага  раёнаў. Калектывы розныя, і ўсе спявалі ад чыстага сэрца і ад душы. Гэтым яны змаглі зрабіць добры падарунак для слухачоў і для сябе. Творы ўражвалі па-асабліваму, і прыемна было тое, што многія з іх заклікалі да міру на планеце.

Жыхарка райцэнтра Галіна БЯЗМЕН у захапленні ад імпрэзы:

— Я з’яўляюся пастаяннай прыхаджанкай царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы. Мне было вельмі прыемна паслухаць выступленні калектываў двух благачынняў Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Уражанні ад спеваў самыя пазітыўныя. Я адчула духоўную ўзвышанасць. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім удзельнікам фестывалю. Беражы іх Гасподзь!

Ірына і Віктар МЯЛЕШКА таксама задаволены:

— Мы вельмі рады, што наведалі фестываль-конкурс праваслаўных спеваў. Словы падзякі адрасуем арганізатарам фестывалю за сапраўднае свята для прыхаджан — пачутыя мелодыі перапаўнялі нашы душы. Вельмі спадабалася, як выступіў дзіцячы хор з аграгарадка Ярэмічы. Лічым, што вельмі добра, калі выканаўцамі з’яўляюцца як дзеці, так і моладзь, а таксама прадстаўнікі залатога ўзросту. Усе спявалі ад душы і праслаўлялі Бога, Беларусь, мір на зямлі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ

Translate »