19.04.2024

На сустрэчы з уладальнікамі аграэкасядзіб раёна прысутнічалі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Юлія Ліхута, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Карэліцкага РАУС Віктар Зінчанка, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар па працы з плацельшчыкамі па Карэліцкім раёне Анжэла Жылюс, галоўны ўрач Карэліцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Германюк.

З першага студзеня 2023 года ў Беларусі ўступіў у сілу Указ № 351 «Аб развіцці аграэкатурызму» ад 4 кастрычніка 2022 года. Дакумент накіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, павышэнне якасці аказваемых паслуг, выключэнне магчымасці вядзення гасцінічнага або рэстараннага бізнесу пад выглядам аграэкасядзіб, а таксама абарону правоў грамадзян, якія пражываюць па суседстве з сядзібамі. Адна з самых значных змен заключаецца ў тым, што суб’ектам аграэкатурызму трэба своечасова перарэгістравацца – працэс атрымання дазволу павінен завяршыцца да 1 ліпеня 2023 года. Аб гэтым нагадаў прысутным Яўген Чычкан:

— Заявы на перарэгістрацыю патрэбна падаваць загадзя. Тэрмін адміністрацыйнай працэдуры складае 30 дзён. Апошні дзень, калі можна падаць заяву, — 1 чэрвеня.

— Для таго, каб прайсці працэдуру перарэгістрацыі, уладальніку сядзібы неабходна звярнуцца з заявай у службу “Адно акно” райвыканкама, — расказала Юлія Ліхута. — Калі ўладальнік сядзібы не з’яўляецца ўласнікам жылога дома, у якім плануецца размяшчэнне аграэкасядзібы, ён павінен прадаставіць пісьмовую згоду ўладальніка.

Пасля разгляду заявы ў аграсядзібу выязджае раённая камісія, якая ацэньвае ўмовы выканання пунктаў Указа. Калі ўсе яны выконваюцца, камісія выносіць заключэнне, пасля якога райвыканкам прымае рашэнне аб дазволе дзейнасці сядзібы. Абавязковымі ўмовамі з’яўляюцца: наяўнасць жылога дома, агульная колькасць жылых пакояў у якім не павінна перавышаць 10, вядзенне суб’ектамі аграэкатурызму ўласнай падсобнай гаспадаркі альбо вытворчасць ці перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, наяўнасць магчымасцей для азнаямлення турыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі і архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі мясцовасці, у якой знаходзіцца сядзіба.

Перад прысутнымі выступіў Віктар Зінчанка, які нагадаў, што згодна з Указам уладальнікі сядзіб не павінны дапускаць, каб госці сядзібы парушалі грамадскі парадак і перашкаджалі суседзям. За парушэнне гэтай умовы чакае адміністратыўная адказнасць.

Анжэла Жылюс расказала аб магчымасці пераходу ўладальнікаў аграэкасядзіб на ўплату падатку на прафесійны даход і растлумачыла сутнасць дадзенага падатку. З 2023 года ўладальнікі аграэкасядзіб змогуць плаціць у казну дзяржавы падатак на прафесійны даход, адначасова зарабляць працоўны стаж і збіраць на будучую пенсію. З першага ліпеня 2023 года рэжым падаткаабкладання будзе вызначаць райвыканкам.

Аляксандр Германюк расказаў пра санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да ўтрымання і эксплуатацыі аграэкасядзіб. У прыватнасці сядзібы павінны забяспечвацца цэнтралізаваным ці нецэнтралізаваным водазабеспячэннем, а пітная вада павінна адпавядаць гігіенічным нормам. На руках у бізнесмена павінна быць адпаведная даведка, якую выдае мясцовы райЦГЭ.

Уладальнікі сядзіб пацікавіліся, ці патрэбен такі дакумент, калі ў сядзібе карыстаюцца набытай у краме вадой. У такім выпадку, па словах галоўнага санітарнага ўрача, браць даведку не патрэбна, але неабходна выконваць нормы захавання і тэрміны прыдатнасці, указаныя на тары.

Важна памятаць, што згодна з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі, пры аказанні ў памяшканні аграсядзібы паслуг па правядзенні прэзентацый, банкетаў, спартыўна-масавых і культурных мерапрыемстваў не дапускаецца выкарыстанне ўключанай гукавой апаратуры пры адчыненых вокнах і дзвярах, а таксама размяшчэнне такой апаратуры на падваконніках, балконах, тэрасах і іншых адкрытых пляцоўках, размяшчэнне яе на знешніх паверхнях сцен.

Пасля сустрэчы ўладальнікі аграсядзіб падзяліліся сваім меркаваннем.

Павел Жук з сядзібы “Белыя Лугі” лічыць, што Указ распрацаваны, у першую чаргу, для бяспекі наведвальнікаў:

— З часам усё будзе больш зразумела. Ёсць нюансы, ёсць спрэчныя пытанні, аднак усё развіваецца. У цэлым змены карысныя, але ёсць моманты, якія неабходна ўдакладняць.

Дзмітрый Манкевіч з “Мірскіх крыніц” кажа, што змены ў заканадаўстве прадыктаваны часам:

— Патрабаванні сталі больш жорсткімі, бо такія паслугі, як прадастаўленне жылля, харчаванне для турыстаў павінны быць пад кантролем. Змены добрыя. Сённяшняя сустрэча была вельмі карыснай. Мы атрымалі адказы на пытанні. Зразумела, што адразу расставіць усе кропкі над “і” складана, але ўсё развіваецца ў правільным накірунку.

Сяргей СТОЛЯР

Translate »