29.03.2024

У памяці кожнага з нас жывуць адгалоскі Вялікай Айчыннай вайны, дзе загінуў кожны трэці беларус. 15 лютага ў нашай краіне адзначаецца яшчэ адна горкая дата нашай гісторыі — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Афганская вайна цягнулася дзевяць год, адзін месяц і васямнаццаць дзён. У ёй прыняў удзел амаль мільён савецкіх воінаў.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Карэліцкім раёне ўшанавалі памяць усіх, хто выконваў свой воінскі абавязак на чужой зямлі. Ветэраны Афганскай вайны ўсклалі кветкі да помніка загінулым воінам-інтэрнацыяналістам Карэліччыны.

Пасля накіраваліся ў аграгарадок Турэц, дзе адбыўся мітынг і быў адкрыты памятны знак у гонар загінулага жыхара аграгарадка Георгія Татура.

 

Перад прысутнымі выступіў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА “Белая Русь” Яўген Чычкан.

— Звыш чатырнаццаці тысяч савецкіх воінаў загінулі на чужой зямлі, шэсць тысяч сканалі ў далейшым ад ранаў і хвароб, 311 чалавек прапалі без вестак, — сказаў Яўген Мікалаевіч. — Гэта самыя вялікія страты савецкай арміі з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Час аддаляе нас ад тых падзей. Аднак памяць пра вайну і цяпер з горыччу адгукаецца ў сэрцаў матуль, татаў, дзяцей тых хлопцаў, якія вярнуліся дадому  “грузам 200”. У Афганістане праходзілі службу каля трыццаці тысяч ураджэнцаў Беларусі.  З іх загінуў 771 чалавек, дванаццаць лічацца прапаўшымі без звестак, больш за паўтары тысячы атрымалі раненні і былі пакалечаны. Сёння толькі ў нашым раёне жывуць 59 ветэранаў вайны, два з іх — інваліды. Побач з намі жывуць маці загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў Соф’я Васільеўна Філончык і Валянціна Рыгораўна Кузьміцкая. Аб’яднаўшыся ў грамадскую арганізацыю “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, былыя ўдзельнікі баявых дзеянняў жывуць, клапоцячыся аб тых, каму патрэбна падтрымка і дапамога, уносяць значны ўклад у справу ваенна-патрыятынага выхавання моладзі. Сёння ў знак пакланення перад доблесцю і гераізмам нашых землякоў мы адкрываем памятны знак у імя захавання памяці, у імя захавання міру на Зямлі.

Гераічная і трагічная Афгаская вайна працягвалася ў два разы больш, чым Вялікая Айчынная. Чатыры ўраджэнцы Карэліцкага раёна загінулі падчас гэтай ваеннай аперацыі: Мікалай Кузьміцкі, Сяргей Філончык, Васілій Федарака, Георгій Татур.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў было вырашана ўсталяваць памятны знак у гонар героя, доблеснага воіна Георгія Татура, які нарадзіўся ў вёсцы Вышкава. Калі хлопчыку было тры гады, яго сям’я пераехала ў Турэц. Службу ва Узброеных сілах СССР пачаў 16 лістапада 1969 года. Пасля Калінінскага сувораўскага вучылішча скончыў Маскоўскі ваенны інстытут замежных моў. У Афганістан трапіў у 1979 годзе. Загінуў 13 красавіка 1981 года пад Кандагарам. Узнагароджаны двума Ордэнамі Чырвонай Зоркі. Другім — пасмяротна. Пахаваны 12 мая 1981 года ў в. Турэц.

Ганаровае права адкрыць памятны знак прадаставілі намесніку старшыні Карэліцкага райвыканкама  Яўгену Чычкану і ветэрану Афганскай вайны Аляксандру Манько.

Пасля адкрыцця памятнага знака перад прысутнымі выступіў Аляксандр Манько:

— Сёння, напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія выконвалі свой абавязак за межамі Айчыны, мы сабраліся на мерапрыемства, прысвечанае 34-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі воінам-інтэрнацыяналістам, ушаноўваем памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё на карысць Радзімы. Яны назаўжды застануцца у нашых сэрцах.

Усіх, хто загінуў у час той вайны, ушанавалі хвілінай маўчання.

Перад прысутнымі выступіў малодшы сяржант, які праходзіў тэрміновую службу ў ваеннай часці 3214, Антон Навумчык:

— Мы сёння аддаём даніну павагі ўсім воінам-інтэрнацыяналістам, усім тым, хто праявіў адвагу, мужнасць. Немагчыма забыць тых, хто ахвяраваў сваім здароўем і аддаў сваё жыццё.

Усе прысутныя ўсклалі кветкі да брацкай магілы і памятнага знака Георгію Татуру.

Пасля мітынгу ветэранаў Афганскай вайны чакалі ў актавай зале УА “Турэцкая сярэдняя школа”. Там яны маглі пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы, успомніць, што дапамагала ім у той складаны час.

Яўген Чычкан уручыў падзякі ад РА РГА “Белая Русь” ветэранам Афганскай вайны Аляксандру Манько і Віктару Семенюку, ад ГА “Беларускі саюз жанчын”  — Віктару Міснікевічу, ад ГА “Беларускі фонд міру” падзяку атрымаў Сяргей Ашманкевіч.

Перад ветэранамі выступілі вучні Турэцкай СШ і артысты УК “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

Translate »