28.03.2024

На галоўнай плошчы райцэнтра ладзілася раённае свята «Ну, Блін, Масленіца». Добрае, шчырае, вясёлае. Нават надвор’е падбадзёрвала: невялікі сняжок лашчыў людскія твары, а музыка ўзнімала настрой. Паўсюль ішла гаворка пра Масленіцу, а ўдзельнікаў свята шчодра частавалі блінамі. І сапраўды, тут сумоце было пуста, а ўсмешкам, жартам — густа.

ДАКРАНУЦЦА ДА ПОБЫТУ ПРОДКАЎ

Да пачатку свята сустракаюся з удзелькамі падворкаў арганізацый і прадпрыемстваў г.п. Карэлічы і прашу падзяліцца меркаваннямі. Кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Мікалай Рабко апавядае пра тое, што спрадвеку нашы продкі святкавалі Масленіцу на працягу цэлага тыдня, і кожны дзень меў сваё прызначэнне. На стале — бліны з тварагом, ікрой, яблыкамі, бульбай. Удзельнічаюць у свяце ўпершыню, цікава было пазнаёміцца з гісторыяй продкаў, паказаць сябе і паспрабаваць перамагчы ў конкурсе, узняць настрой карэліччанам і самім атрымаць пазітыўныя эмоцыі.

Ахвотна расказвае аб асартыменце страў бухгалтар Карэліцкага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення «Лідагаз» Таццяна Бумай. Тут мяшочкі з ветчыной і сырам, блінчыкі з яблыкамі і тварагом, дражджавыя бліны, рулецікі з рознай начынкай. «Мы самі вырашылі паўдзельнічаць, каб душой дакрануцца да побыту нашых продкаў, каб памяталі аб гэтым нашы дзеці, якія прыйшлі на свята разам», — дадае суразмоўца. Тут жа на месцы работнікі гаргазу пяклі аладкі, смажылі скваркі  і запрашалі пачаставацца гасцей свята.

«Прэзентацыю святочнага стала прадстаўляе харчаблок Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы, — расказвае загадчык Баранавіцкага ФАПа Іна Нявесценка. — Падрыхтавалі беларускія нацыянальныя стравы: дранікі, калдуны, мёд для шчасця і кахання, а таксама — чароўны, прываротны, грашовы. Бяром блінчык, выбіраем мёд, затым лыжку, мажам блін — і  верым у цуда, што ўсё абавязкова збудзецца. Мы першы раз удзельнічаем у свяце і хочацца верыць, што нам пашанцуе і мы атрымаем перамогу.»

МАСЛЕНІЦА І ЯЕ ЗВЫЧАІ

Дзякуючы святу, сапраўды даведваемся шмат цікавага пра Масленіцу. Яна пачыналася з панядзелка. У панядзелак раскатвалі ледзяныя горкі, рабілі пудзіла, а самае галоўнае — пяклі першы блін. Таму быў арганізаны конкурс на лепшую страву з бліноў. Гасцей запрашалі на падворкі паспрабаваць гэтыя цудоўныя вырабы і аддаць голас за смачную страву.

У аўторак хлопцы выбіралі сабе нявест. Была прапанова паўдзельнічаць у папулярнай народнай масленічнай гульні «Калодка». Калодка не столькі гульня, колькі напамін усім нежанатым хлопцам паспяшацца са шлюбам.

На трэці дзень Масленіцы цешча сустракала зяця сваімі блінамі. “…Бліны, як сонцы, уздымаю, шчасця, радасці жадаю, дарую вам гэтыя бліны на здароўе, моц і сілу», — гаворыць цешча гледачам на свяце.

Сапраўдная Масленіца пачыналася ў чацвер-разгуляй. У гэты дзень усе хадуном хадзілі, гулялі і весяліліся. На свяце прапанавалі самым спрытным мужчынам паўдзельнічаць у традыцыйных беларускіх гульнях.

У пятніцу цешча да зяця прыходзіла, і гэта былі «цешчыны вячоркі». Субота на Масленіцу называлася Залоўкіна субота. У гэты дзень маладая залоўка запрашала ўсіх родных да сябе ў госці.

Апошні дзень масленічнага тыдня — дзень сяброўства, прабачальны дзень. У гэты дзень прасілі прабачэння ў родных і знаёмых за нанесеныя крыўды, існавала традыцыя абдымаць сваіх лепшых сяброў, бацькоў, суседзяў.

Масленіца на свяце запрашае гасцей частавацца самымі смачнымі і самымі салодкімі блінамі, гаворачы пры гэтым: «Блін, як сонца, уздымаю. Шчасця, радасці жадаю. Блін — гэта сімвал трох адзінстваў: Зямлі, Агню  і Вады. Хто будзе есці блін на Масленіцу, той будзе бадзёры, здаровы, прыгожы і закаханы.» Таксама прызналася, што добра яе сустракалі, весела і цікава і запрасіла на шчасце, на долю, на шчодры ўраджай, на доўгі лён завязаць стужачкі на нашу Масленіцу. Няхай гэты год будзе добрым, шчырым, мірным.

РАБОТНІКІ КУЛЬТУРЫ — АКТЫЎНЫЯ ЎДЗЕЛЬНІКІ

Сапраўды, святы ладзяць для нас работнікі культуры раёна. Як гаворыцца, ад душы і для душы. Да таго ж, яны шчодра дзеляцца сваімі здабыткамі па іх падрыхтоўцы і правядзенні і сваімі думкамі. Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх расказала аб тым, што да свята яны падрыхтавалі пляцоўку «Запрашаем на бліны», на якой прадстаўлены бліны з яблыкамі, маслам, тварагом, ласосем, вішнямі, кексік «Масленічны», мёд, смажанка і іншыя стравы.

«Свята Масленіца — гэта радасць, настрой, мы бліжэй да вясны… Гэта надзея на мір і стварэнне», — адзначыла дырэктар Мірскага гарадскога Дома культуры Вольга Бусько і запрасіла яе ўдзельнікаў да свайго святочнага стала.

А вось загадчыца сектара «Райцаўскі сельскі клуб» Ала Сіроціна прыехала на свята, каб праводзіць з калегамі з Малюшыцкага СДК гульні і конкурсы. Культработнік назвала Масленіцу провадамі зімы і сустрэчай з вясною, калі ўсё прабуджаецца ў прыродзе і душы чалавека.

АД ДУШЫ І ДЛЯ ДУШЫ

Кожны па драбніцы ўносіў свой уклад у гэтае добрае свята — і яно атрымалася. Каб узняць настрой, трэба няшмат. Добрыя песні, якія дарылі творчыя калектывы раёна, і якія глыбока краналі душы. Дзецям жа трэба штосьці новае і незвычайнае: трэба было бачыць, з якім жаданнем яны спяшаліся да каня і вазка, каб праехацца па вуліцах райцэнтра, твары іх свяціліся радасцю. У захапленні ад іх былі і карэліччане, якія завіталі на плошчу райцэнтра.

Марыя БЕЛЯНОВА,

навуковы супрацоўнік

Карэліцкага раённага краязнаўчага музея

— Я люблю святы ў Карэлічах. Але сёння яно асаблівае, і я прыйшла з супрацоўнікамі музея. Гэтае свята — вяртанне ў мінулае і да каранёў. Гэта светапогляд беларусаў. Яно патрэбна нашай душы, каб мы не забывалі традыцый, свят, абрадаў нашых прашчураў.

Лідзія АЛЯСЮК,

жыхарка г.п. Карэлічы:

— На свяце цікава і весела. Добра пастараліся арганізатары — і яно ўдалося. Вельмі спадабаліся пляцоўкі арганізацый і ўстаноў, вызначыліся сваёй гасціннасцю і майстэрствам. Я засталася ў захапленні ад Масленіцы, і кажу ўсім, хто мае да яе дачыненне: «Вялікі дзякуй».

Галіна СМАЛЯНКА

Фота і відэа Іны ЛЕЙКІ

Translate »