20.04.2024

Майстры народнай творчасці Карэліччыны

Салдатава Вера Яўгенаўна

Вера Яўгенаўна скончыла Аршанскае педагагічнае вучылішча (1970-1974г.г.) па спецыяльнасці “Настаўнік працы і чарчэння”. У дадзенай установе ўваходзіла ў склад “Клуба сяброў мастацтва” пад кіраўніцтвам Дасужэва А.А.. Удзельнікі клуба актыўна займаліся аплікацыяй саломкай. Так адбылося першае знаёмства Веры Яўгенаўны з гэтым цікавым матэрыялам.

Саломапляценне Вера Салдатава асвойвала самастойна, улічваючы парады старэйшых майстроў (Леонцьевай Таццяны Іванаўны). С цягам часу пачала ствараць аўтарскія работы. Самая знакамітая: зубр саламяны, які быў адпраўлены былому прэзідэнту Венесуэлы Уга Чавесу ў якасці падарунка. Вера Яўгенаўна стварыла саламяную шляпку для жонкі былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана Хілары Клінтан таксама ў падарунак падчас іх афіцыйнага візіту ў нашу краіну. Майстар з’яўлялася неаднаразовым удзельнікам усемагчымых выставак і конкурсаў. Часцей была пераможцай. Так, у 2011 годзе стала першай на Міжнароднай выстаўцы-конкурсе па саломапляценню (г. Масква) сярод 57 краін. Дарэчы, работы Веры Яўгенаўны знаходзяцца ў Дяржаўным музеі выяўленчага мастацтва ім. А.С. Пушкіна (г. Масква), Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, у прыватных калекцыях г. Каліфорніі, г. Лондана , г. Масквы і інш.

Сваім найлепшым дасягненнем Вера Салдатава лічыць стварэнне іканастаса і царскіх варот у царкве Іаана Хрысціцеля (в. Дудуткі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці) у 2008 годзе, за што была ўзнагароджана Граматай Патрыаршага Экзарха “За труды во славу Святой Пра вославной Церкви” (2008г.). Падрабязная інфармацыя змешчана ў кнізе Вольгі Лабачэўскай “Мастацтва дзеля славы Божай” (“Беларуская навука”, 2018 год). Дзейнасць Веры Салдатавай неаднаразова асвячалі сродкі масавай інфармацыі. Газета “Культура” (“…Не сінюю птушку”, ад 31 жніўня 1993 г.), “Народная газета” (“Як слязінка, чыстая крынічка”, ад 4 красавіка 1995 г. ), “Звязда” (“Залацістая саната Веры Салдатавай”, ад 26 верасня 2003г., “Беларускае золата”, ад 3 чэрвеня 2009 г.). Часопісы “Работніца і сялянка” (№1, 1994г), “Гаспадыня” (№2(30)1995г.) і інш.
Майстар выкарыстоўвае аўтэнтычныя спосабы вырабу сваіх твораў.

Гусакова Святлана Мікалаеўна

Святлана Мікалаеўна скончыла УА “ Мастацкае гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча №15” (г. Бабруйск) у 1988 годзе, Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў у 2002 годзе па спецыяльнасці “Мастак народных промыслаў і спецыяльных дысцыплін”. Вялікі ўплыў на Святлану Мікалаеўну аказала майстэрства і прафесіяналізм майстра Веры Салдатавай, якая з’яўлялася яе настаўнікам. На працягу 23 гадоў працавала ў УА “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж” па спецыяльнасці. У дадзены момант з’яўляецца гаспадыняй аграсядзібы “Светлазара”. Майстар з’яўлялася неаднаразовым удзельнікам выставак і конкурсаў. Святлана Мікалаеўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за “за шматгадовую плённую працу і высокае прафесійнае майстэрства і ў сувязі з 65-годдзем сістэмы прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі” (2005), стала прызёрам фестывалю-кірмашу рамёстваў “Палітра фарбаў і фантазій” (2007г.). Святлана Гусакова з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі “Народны майстар года”-2007г.

Дубчонак Святлана Пятроўна

Нарадзілася Святлана Пятроўна ў в. Заполле Карэліцкага раёна, дзе па сённяшні дзень і пражывае. З дзяцінства ў яе асяроддзі было шмат творчых людзей (бабуля, матуля), якія займаліся вышыўкай крыжыкам і гладдзю. Святлана спрабавала вышываць, але захапленне саломкай было большым. Яшчэ ў старэйшых класах агульнаадукацыйнай школы пачала цікавіцца саломапляценнем, спрабавала нарыхтоўваць, афарбоўваць саломку, ствараць невялікія аплікацыі. Пасля сканчэння школы паступіла ў УА “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны калледж”, па сканчэнні якога атрымала спецыяльнасць “Майстар-інкрустар саломкай”. Працуе сёння Святлана Пятроўна ў аддзеле культуры і дасуга Красненскі Дом культуры прыбіральшчыкам службовых памяшканняў, але працягвае актыўна займаецца саломапляценнем у вольны час. Яе творы ўдзельнічаюць у раённых конкурсах і выстаўках. С задавальненнем Святлана праводзіць майстар-класы для дзяцей і падлеткаў. У асноўным , яе творы гэта – вырабы-сувеніры з саломкі (кветкі, лапці, вяночкі, званочкі, невялікія кветкавыя кампазіцыі, карціны з саломкі).

Заблоцкі Аляксандр Іванавіч

Аляксандр Іванавіч — ураджэнец г.п. Карэлічы. З дзяцінства захапляўся рэзьбай па дрэву. Па гэтай прычыне адразу пасля школы ў 1982 годзе паступіў у Бабруйскае мастацкае гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча на спецыяльнасць “Рэзчык-інкрустатар”. Распачаў сваю працоўную дзейнасць у 1984 годзе ў Карэліцкім Доме культуры ў якасці мастака-афарміцеля.
Яго працы розныя па памерах, глыбіні, геаметрыі вугла. На яго вырабах вялікая колькасць граняў, іх выкананне патрабуе вялікага майстэрства. Для выканання сваіх работ эскізы гатуе сам або выкарыстоўвае матэрыялы часопісаў і газет.

Аляксандр Іванавіч вырабляе прадметы бытавога прызначэння, дэкаратыўныя прадметы: маскі, дошкі пад трафеі, лыжкі, шпакоўні, хатнікаў і г.д.
Каханыя пароды дрэва: кап бярозавы, арэх, клён, яблыня, груша, ліпа, алыча, ядловец, чырвонае дрэва.

Заблоцкі А.І. працавіты чалавек, увесь час займаецца самаадукацыяй, мае вялікі інтарэс да культурнай спадчыны раёна і краіны.
Засвоіў усе прыемы класічнай разьбы, працуе ў традыцыях самабытнай беларускай школы разьбы па дрэве.

Майстар -неаднаразовы ўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх выставак і кірмашоў. Мае дыпломы ўдзельніка выстаўкі-конкурса «Вясновы букет».

Упіравец Сяргей Пятровіч

Сяргей Пятровіч усё сваё жыццё жыве і працуе ў в. Лядкі Карэліцкага раёна, мае вялікую гаспадарку, сад, але негледзячы на гэта знаходзіць час займацца рэзьбай па дрэву. Спецыяльнай адукацыі не мае. Творчыя ноткі выявіў у сябе не так даўно – некалькі гадоў таму, зусім выпадкова на вочы трапіла кніга па разьбе, пагартаў, зачапіла. Вырашыў паспрабаваць зрабіць нешча зусім простае, выкарыстоўваючы падручныя матэрыялы. Спадабалася, набыў прафесійныя інструменты, вывучаў самастойна тэорыю, цікавіўся ў прафесійных майстроў, пераймаў вопыт, актыўна прымаў удзел у майстар-классах.

На сённяшні дзень Сяргей Пятровіч мае вялікую калекцыю работ. З’яўляецца актыўным удзельнікам раённых і абласных выставак і кірмашоў. Удзельнічае ў майстар-класах, але ўжо ў якасці майстра, а не вучня. Сваім вялікім дасягненнем лічыць членства Установы папулярызацыі народнай творчасці “Цэнтр БелКультуры” (красакік 2020 года). Мае пасведчанне.

Сярод работ майстра шмат скарбонак, яек, пано, дошак сувенірных і інш. Эскізы для сваіх работ напачатку запазычваў у часопісах, энцыклапедыях, зараз стварае самастойна, вельмі сур’ёзна падыходзіць да распроцоўкі эскізаў, не дапускае паўтораў. Для работы выкарыстоўвае выключна пароду дрэва — ліпу.

Сяргей Пятровіч няспынна займаецца самаадукацыяй, самаўдасканальваецца дзеля таго, каб не сніжаць планку.

Маклюк Аляксандр Леанідавіч

Аляксандр Леанідавіч народзіўся ў г.п. Карэлічы, скончыў у 1999 годзе Мірскае мастацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці “Ганчар-вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі”. Пасля чаго працаваў на ААТ “Радашковіцкі керамічны завод” да 2015 года. З 2016 года майстар-метадыст ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” аддзел рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў”. Мае шосты разрад ганчара.

Аляксандр Леанідавіч спраўна сумяшчае любоў да любімай справы і прафесію. На сённяшні дзень у майстра ёсць аўтарскія работы, склаўся свой уласны стыль. Сярод творчых прац майстра вылучаюцца жбаны, глечыкі, традыцыйны беларускі посуд, а таксама шматлікія вазы, дробная пластыка, цацкі, свістулькі, пасудзіны і інш. Вырабам майстра ўласцівы чысціня форм і прапорцый, прастата і лаканічнасць. Вырабы майстра выключна традыцыйныя, без выкарыстання глазуры і фарбаў. Для работы выкрыстоўвае мясцовую гліну.

Аляксандр Леанідавіч праводзіць майстар-класы для дзяцей, дарослых па вырабу дробных цацак, мелкага посуду.

Майстар – удзельнік раённых, абласных выставак, кірмашоў, фестываляў, яго вырабы шырока карыстаюцца попытам сярод мясцовага насельніцтва.

Купрас Таццяна Аляксандраўна

Таццяна Аляксандраўна -ураджэнка Карэліцкага раёна, была навучэнкай Мірскога мастацкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча, якое скончыла ў 1992 годдзе па спецыяльнасці “Ганчар-вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі”. Адразу пасля сканчэння ўстановы працавала на малым прадпрыемстве “Ганчар” ад грамадства інвалідаў у г. Слоніме. Затым праца ў мастацкай майстэрні Алеся Косткі ў г. Мінску. У 2003 годдзе Таццяна Аляксандраўна вяртаецца на Карэліччыну і працуе мастаком-афарміцелем ДУ “Карэліцкі дзяржаўны будаўніча-прафесійны ліцэй”.

Таццяна Аляксандраўна – удзельнік і дыпламант абласных, раённых выставак дэкаратыўна-прыкладной творчасці, кірмашоў.

Майстар вырабляе, у асноўным, дробную пластыку: цацкі, звяроў, птушак, пано і інш. Працуе майстар у дамашніх умовах, мае ўласную муфельную печку. Вырабы вельмі цікавыя, яркія, з гумарам.
Таццяна Аляксандраўна з’ўляецца кіраўніком гуртка “Чароўная гліна” па вырабу цацак з гліны. Удзельнікі гуртка – навучэнцы ДУ “Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй”. Майстар з ахвотай дзеліцца ведамі дзеля таго, каб старадаўняе рамяство не было забыта. Удзельнікі гуртка вучацца, удасканальваюць свае ўменні, ствараюць непаўторныя вобразы традыцыйнага народнага промыслу.

Таццяна Аляксандраўна мае вопыт работы на ганчарным крузе.

Манкевіч Наталля Анатольеўна

Наталля Анатольеўна – майстар з вялікім стажам і вопытам працы. Каля дзесяці гадоў (2004-2014г.г.) працавала дырэктарам Карэліцкага раённага Дома рамёстваў, дзе і пачала займацца лазапляценнем. Спецыяльных навыкаў, на жаль, не мела, самастойна і старанна пачала асвойваць гэта нялёгкае рамяство: ад нарыхтоўкі, апрацоўкі матэрыялу да стварэння гатовага вырабу. Спачатку былі невялікія цукерніцы, затым кошыкі розных памераў.

Сёння Наталля Анатольеўна працуе кантралёрам у Карэліцкім РГС, але любімай справай працягвае займацца з захапленнем. Акрамя таго, лазапляценнем займаецца і супруг. Атрымліваецца своеасаблівая сямейная справа. Свае вырабы майстар дорыць сябрам, сваякам, а таксама рэалізуе падчас такіх святаў, як “Вербная нядзеля”, “Вялікдзень” і іншыя.

Наталля Анатольеўна актыўны чалавек, заўсёды з ахвотаю прымае ўдзел у выстаўках і фестывалях абласнога і раённага значэння. Яе ў поўнай ступені можна лічыць народным майстрам. Наталля прафесійна валодае як традыцыйнай тэхнікай лазапляцення, так і сучаснай. Наталля Анатольеўна ўносіць вялікі ўклад у развіццё традыцыйных рамёстваў Карэліцкага раёна.

Лагута Галіна Леанідаўна

Галіна Леанідаўна – майстар з вялікім вопытам працы, знаёма амаль з усімі відамі беларускіх традыцыйных рамёстваў. Мае высокі мастацкі густ. У 1986 годзе скончыла Бабруйскае мастацкае гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча на спецыяльнасці “Мастак-дэкаратар”. Распачала сваю працоўную дзейнасць у 1986 годзе ў Карэліцкім Доме культуры ў якасці мастака-афарміцеля. Займалася афармленнем сцэнічных пляцовак, фотаазон. Доўгі час працавала майстрам-метадыстам “Карэліцкага Дома рамёстваў”. Менавіта тут самастойна асвоіла такія традыцыйныя віды рамёстваў, як выцінанку і лазапляценне (мае калекцыю работ). Лазапляценне, па словах майстра, не жаночая справа, але заўсёды цешыць канчатковы вынік. Вырабляе з лазы кошыкі, цукерніцы разных памераў і формы.

Выцінанка – занятак для душы. Майстар самастойна распрацоўвае эскізы для сваіх работ. Тут няма ніяіх перашкод і цяжкасцей, паколькі Галіна Леанідаўна мае высокі ўзровень выяўленчага мастацтва. Майстар экспераментуе з рознымі колерамі. Кожная работа мае закончаны выгляд. Займаецца пералічанымі відамі рамёстваў і сёння. Да ўсяго гэтага валодае вышыўкай, карункапляценнем. Не так даўно захапілася вышыўкай карцін стужкамі, вырабляе іх у якасці падарунка. Актыўны ўдзельнік майстар-класаў, раённых, абласных і рэспубліканскіх выставак, фестываляў і кірмашоў. Мае шмат узнагарод, сярод якіх дыплом Лаўрэата III ступені за каллекцыю работ па выцінанцы на свяце пісьменства ў г. Шчучын (2015 г.), дыпломы ўдзельніка выстаўкі-конкурса «Вясновы букет». Мае аўтарытэт сярод маладых майстроў.

Хвеська Людміла Вячаславаўна

Людміла Вячаславаўна – майстар карункапляцення, майстар вырабаў са скуры. Атрымала зусім не творчую прафесію, скончыла ў 1983 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, хімічны факультэт. Працавала настаўнікам біялогіі і хіміі ў агульнаадукацыйнай школе, а затым з 1997 года пачала сумяшчаць асноўную працу з працай кіраўніка дзіцячага гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на базе Дома пазакласнай работы. Людміла Вячаславаўна навучала дзяцей майстэрству карункапляцення, рабоце са скурай. Увогуле, любоў да карункапляцення пачалася з маленства, назіраючы за бабуляй, як тая хутка і прыгожа стварала карункі. З 2014 года пачала працу ў ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” кіраўніком гуртка “Кудесница” для дарослай катэгорыі насельніцтва.

Захапляецца стварэннем вырабаў са скуры. Захапленне пачалося пасля таго, як ў рукі трапіла кніга “Другое жыццё скуры”. Прачытала, паспрабавала зрабіць самастойна, атрымалася, спадабалася. Матэрыял для працы быў розны: старыя скураныя боты, курткі і г.д. Часам купляе скураныя ласкуты ў швейных атэлье. Майстар вырабляе са скуры пано, дэкаратыўныя бутэлькі, скарбонкі, часткова асвоіла пляценне са скуры (бранзалеты). Людміла Вячаславаўна мае вялікую хатнюю калекцыю работ, ўдзельнічае ў выстаўках, фестывалях і майстар-класах для дзяцей і дарослых. З задавальненнем перадае майстэрства сваім навучэнцам і ўсім жадаючым.

Маклюк Таццяна Міхайлаўна

Таццяна Міхайлаўна скончыла УА “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў” па спецыяльнасці “Арганізатар культурна-асветніцкай работы”. Доўгі час працавала ў Карэліцкім Доме культуры метадыстам, дзе і пачала займацца такім цікавым рамяством як выцінанка. Аднойчы паспрабавала і ўжо больш за 20 гадоў спрабуе адрадзіць і папулязаваць выцінанку. Занятак прыносіць спакой і асалоду. Таццяна Міхайлаўна вельмі ўседлівы чалавек, можа працаваць некалькі гадзін запар. Напачатку майстар выразала простыя геаметрычныя ўзоры, паступова малюнак ускладняўся. Ёсць у Таццяны Міхайлаўны як тэматычныя работы, напрыклад, “Вялікдзень”, “Мастацтва”, так і прыгожыя кветкавыя кампазіцыі. Таццяна ўвесь час займаецца папаўненнем калекцыі работ. Майстар – актыўны ўдзельнік выставак. выставак-конкурсаў, святаў, кірмашоў. Праводзіць майстар-класы ў школах, бібліятэках, навучальных установах, дзе шчыра дзеліцца сваімі ведамі.

Зараз Таццяна Міхайлаўна працуе ў УА “Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй” па спецыяльнасці. Яе работы ўпрыгожваюць інтэр’ер дадзенай установы.
За годы плённай працы дасягнула высот майстэрства.

Дзе б ні працавала Таццяна, ёй мала абмяжоўвацца прафесійнымі абавязкамі.

Лісоўская Алена Васільеўна

Алена Васільеўна ўсесь час жыве і працуе ў г.п. Карэлічы, вельмі цёпла адносіцца да сваёй малой радзімы. Майстар скончыла не адну вучэбную ўстанову, мае прафесію швачкі, бухгалтара, бібліятэкара. Сёння працуе ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” намеснікам дырэктара. Аматарам выцінанкі стала выпадкова – аднойчы наведала выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва падчас службовай камандзіроўкі. Найбольш прыцягнула ўвагу выцінанка. Пачала спрабаваць пакуль па гатовым малюнкам, выкарыстоўваючы інтэрнэт. Атрымалася, эксперыментавала з рознымі матэрыяламі. Зараз Алена Васільеўна спрабуе ствараць эскізы для сваіх работ самастойна. Напрацавала вялікую калекцыю работ. У бягучым годзе адбылася персанальная выстаўка Алены Васільеўны ў ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”. Майстар цікавіцца гісторыяй выцінанкі, увесь час удасканальвае свае ўменні і навыкі. Валодае кручком, спіцамі, самастойна асвоіла бісерапляценне.

Жук Наталля Аляксандраўна

Творчыя задаткі ў Наталлі Аляксандраўны праявіліся яшчэ ў дзяцінстве: дзяўчынка любіла маляваць і вышываць. Да таго ж, бабуля і матуля Наталлі выдатна вязалі. Падчас працы ў Карэліцкім Доме рамёстваў Наталля асвоіла саломапляценне, аплікацыю саломкай, пачала займацца вырабам тэкстыльных лялек. Пэўныя веды і навыкі набывала падчас ан-лайн курсаў і майстар-класаў. Асноўныя ж сакрэты, на думку майстра, падказала само жыццё і асабістае ўяўленне. Колькасць зробленых лялек майстар прыгадвае з цяжкасцю. Мабыць, больш за сто. Частка лялек падорана, частка прададзена, яшчэ частка знаходзіцца на выстаўках декаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Наталля працавала некаторы час кіраўніком гуртка “Творчая майстэрня” пры Красненскім Доме культуры, дзе з задавальненнем перадавала свае веды дзецям, а часам разам з дзецьмі на занятках заставаліся бацькі, вельмі ж іх цікавілі лялькі.

Наталля Аляксандраўна – шматдзетная маці, мае вялікую гаспадарку, таму поўнасцю аддацца творчаці атрымоўліваецца толькі позна ўвечары. І адразу стомленнасць змяняецца натхненнем.
Лялькі майстра ўжо сталі вельмі папулярныя, шырока карыстаюцца попытам. Да прыкладу, 23 лялькі не так даўно адправіліся ў Польшчу. Усе вырабы майстра розныя, да кожнай лялькі ў Наталлі творчы падыход, карыстаецца, ў асноўным, натуральнымі матэрыяламі, часта ў якасці аздаблення выкарыстоўвае элементы саломапляцення.

Саўчанка-Кір’янава Людміла Уладзіміраўна

Любоў да майстэрства і творчасці ўзніклі ў Людмілы яшчэ ў раннім дзяцінстве. Бабуля вучыла шыць, вязаць, вырабляць лялькі. Адной з першых работ майстра была народная лялька “Мотанка”, але ў той момант выраб лялек не захапіў Людмілу. Пасля сканчэння школы Людміла не займалася творчасцю. Вучоба ў тэхнікуме і праца займалі ўвесь час. І толькі з нараджэнем дзіцяці ў Людмілы з’явіўся вольны час і цікавасць да вырабу лялек. Спачатку гэта былі простыя лялькі з тканіны. Паступова майстэрсва развівалася. Людміла Валянцінаўна вывучала тэарэтычны матэрыял, наведвала майстар-класы па вырабу лялек: традыцыйных і сучасных.

У 2010 годзе майстар прайшла навучанне на курсах па тэкстыльнаму вырабу лялькі. Менавіта там яна і пазнала многія сакрэты гэтага цікавага майстэрства. З 2017 года Людміла Валянцінаўна з’яляецца кіраўніком аматарскага аб’яднання “Чароўны куфэрак” пры Жухавіцкім Доме культуры, дзе з задавальненнем перадае сваё майстэрства малодшаму пакаленню. Кружкоўцы і Людміла Валянцінаўна прымаюць актыўны ўдзел у выстаўках на мерапрыемствах аддзела культуры і дасуга ”Жухавіцкі Дом культуры, раённых мерапрыемствах Карэліччыны.

Шахава Алена Рыгораўна

Алена Рыгораўна — ураджэнка в. Малыя Жухавічы. У пачатку 90-х гадоў майстар жыла за мяжой у Расійскай Федэрацыі, працавала кіраўніком гуртка дэкаратыўна – прыкладнога мастацва ў Доме піянераў і школьнікаў. На занятках дзеці вучыліся шыць лялькі з тканіны.

Ідэі для работ шукала майстар ва ўсемагчымых часопісах. Часам Алена Рыгораўна фантазіравала і старанна разнастайвала ўжо існуючыя вобразы. У асноўным, лялькі шыла майстар у рускім народным стылі. У 1995 годзе Алена Рыгораўна вяртаецца на сваю маленькую радзіму. Працуе настаўнікам абслугоўваючай працы ў Жухавіцкай сярэдняй школе. Акрамя абавязковай праграмы на занятках вучні паспявалі шыць яшчэ і лялькі. Алена Рыгораўна актыўна пачала цікавіцца беларускімі лялькамі, вывучала тэхналогія вырабу, беларускі арнамент, традыцыйныя сімвалы. Прывівала любоў да традыцыйнай лялькі і беларускай культуры падрастаючае пакаленне.

Работы майстра і вучняў не раз прымалі ўдзел у тэматычных выстаўках у сваёй установе адукацыі, у выстаўках-конкурсах на мерапрыемствах аддзела культуры і дасуга ”Жухавіцкі Дом культуры”.

Кошур Іна Мікалаеўна

Іна Мікалаеўна нарадзілася ў в. Руднікі Карэліцкага раёна, скончыла УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ім. М. Танка” па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў і абслугоўваючай працы”. Працуе па спецыяльнасці ва ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”. Іна Мілалаеўна творчыя здольнасці атрымала па спадчыне ад бабулі і матулі, якія і вышывалі, і вязалі, і ткалі. Рукадзеллем, звычайна, займаліся ўвечары пасля хатніх спраў і суправаджалі працэс заўсёды песняй. Таму Іна Мікалаеўна не па чутках знаёма яшчэ і з беларускім народным фальклорам. Майстар выдатна валодае вышыўкай, карункапляценнем. Мае калекцыю работ. Больш цікавяць майстра беларускія традыцыйныя матывы. Сярод работ: рушнікі, сурвэткі, карціны і інш. На ўроках абслугоўваючай працы знаходзіць час распаведаць і навучыць дзяцей такому цікаваму рамяству, як вышыўка. Майстар разам з вучнямі неаднаразова прымалі ўдзел у раённых і абласных выстаўках-конкурсах па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву сярод устаноў адукацыі, маюць узнагароды.

Сіроціна Ганна Васільеўна

Нарадзілася Ганна Васільеўна ў простай сялянскай сям’і. Сям’я была вялікая: бацькі, бабуля, два старэйшыя браты і малодшая сястра. Бабуля займалася ткацтвам (у асноўным вырабляла “радзюшкі”), дома меўся вялікі ткацкі станок. Матуля і Ганна Васільеўна ткацтва не асвоілі, таму станок быў прададзены замежным турыстам. Усе дамашнія жанчыны вышывалі, таму асвоіла вышыўку яшчэ дзяўчынкай. Вышывала, у асноўным, гладдзю. Ганна Васільеўна навучыла гэтаму цікаваму рамяству малодшую сястру, як старэйшая. Майстар заўсёды мела і мае на сённяшні дзень вялікую гаспадарку, таму займаецца вышыўкай толькі ўвечары, часам затрымлівалася да позняй ночы, занятак прыносіць асалоду. Ніткі і тканіну майстар выкарыстоўвае толькі натуральныя. Напрацавала вельмі вялікую калекцыю работ: рушнікі, карціны, фіранкі, абрусы, прасціны, падушкі і інш. Любімая тэма майстра – птушкі, кветкі, раслінныя матывы. Ганна Васільеўна вельмі актыўны творчы чалавек, пастаянны ўдзельнік выставак майстроў на святах сектара Райцаўскі сельскі клуб, раённых выстаўках. Падчас святаў вёскі Ганна Васільеўна неаднаразова атрымлівала ўзнагароды за ярка і прыгожа аздоблены падворак сваімі вышытымі вырабамі.

Базар Клаўдзія Васільеўна

Клаўдзія Васільеўна — ураджэнка Навагрудскага раёна. У 1968 годзе выйшла замуж і пераехала ў в. Кальчычы Карэліцкага раёна. З дзяцінства майстар цікавілася вышыўкай, карункапляценнем, Кожную вольную хвіліну, прызнаецца Клаўдзія Васільеўна, аддавала вышыўцы. Асвоіла вышыўку гладдзю і крыжыкам. Сёння вышывае, пераважна, гладдзю. Яе хатнія пакоі — гэта музей вышыўкі, дзе ў вялікай колькасці вабяць вока рушнікі, абрусы, фіранкі, навалачкі і карціны. Свае майстэрства Клаўдзія Васільеўна перадае сваей унучцы Кацярыне, якая паступова напрацоўвае сваю калекцыю работ.

Удзельнічае майстар ў раённых выстаўках дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, а таксама ў выстаўках падчас святочных мерапрыемстваў Красненсага Дома культуры.
Работы майстра прымалі ўдзел у раённай выстаўцы твораў народнай творчасці ў УК “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей” (красавік 2018 г.). Адно з любімых свят Клаўдзіі Васільеўны – свята вёскі, дзе майстар з вялікім жаданнем прэзентуе свой падворак і сваю творчасць.

Расюкевіч Любоў Аляксандраўна

Нарадзілася Любоў Аляксандраўна ў вёсцы Леснявічы Дзятлаўскага раёна. Гадавалася ў простай сялянскай сям’і , у якой было чацвёра дзяцей. Вучылася ў Кузьміцкай школе Дзятлаўскага раёна, скончыла 7 класаў . Пасля паступіла ў Туманаўскае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымала спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача. У гэтым жа годзе па размеркаванні прыехала ў вёску Малюшычы. Тут працавала, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей і жыве па сённяшні дзень. Рукадзеллем стала цікавіцца з малых гадоў. Яшчэ дзяўчынай прысутнічала на вячорках, дзе жанчыны спявалі, пралі, вязалі, вышывалі. Асабліва Любові Аляксандраўне падабалася карункапляценне, чым яна актыўна і займаецца. Часта вырабы дорыць родным і суседзям на святы.

Вырабы майстра – гэта сурвэткі, абрусы, падушкі і інш.

Для работы выкарыстоўвае баваўняныя ніткі. Эскізы для сваіх работ запазычвала ў часопісах, зараз стварае самастойна. На выраб адной сурвэткі майстар затрачвае каля дзвух дзён. Абрус вырабляе прыкладна за тыдзень. Пражывае Любоў Аляксандраўна зараз адна, гаспадарка невялікая, мае шмат вольнага часу. Свой вопыт перадала дачцы і ўнучцы. Майстар – актыўны ўдзельнік выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і майстар-класаў сектара Малюшыцкі сельскі Дом культуры.

Касцюкевіч Марыя Аляксандраўна

Марыя Аляксандраўна ўсе сваё жыццё, з маленства займаецца рукадзеллем: вышыўкай, карункапляценнем, вязаннем на спіцах, самастойна асвоіла швейную машыну. Апошнія трыццаць гадоў працавала ў ДУ “Карэліцкі дзяржаўны будаўніча-прафесійны ліцэй” настаўнікам замежнай мовы. Прафесійная дзейнасць не была звязана з творчасцю, але, прызнаецца майстар, трымала ў руках іголку ці кручок амаль кожны вечар. Інтэр’ер дома аздоблены вырабамі майстра: прыгожа, стрымана, з густам.

Мае работы ў ласкутнай тэхніцы (прыхваткі, сурвэткі), а таксама асвоіла стужкавае шыццё і вышыўку крыжыкам.

Яе творы вылучаюць акуратнасць, прафесіяналізм выканання. Актыўны ўдзельнік абласных, раённых выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класаў.

Translate »